Навіны вольнага ПЗ

Дыстрыбутыў OpenSUSE і прыватнае "хмарнае" сховішча файлаў ownCloud выклікаюць пастаянную цікавасць у тых, хто займаецца ўкараненнем ВПЗ на ўласных прадпрыемствах. Таму ў чарговы раз у абавязковым парадку разгледзім новыя версіі гэтых адкрытых праектаў. А самай запамінальнай падзеяй мінулых дзён стаў выпуск вольнага гукавога рэдактара Ardour 3.


OpenSUSE 12.3

Адбыўся выхад дыстрыбутыва openSUSE 12.3. Гэты дыстрыбутыў вельмі часта разглядаецца як кандыдат для ўкаранення ў розных арганізацыях і ўстановах у якасці альтэрнатывы прапрыетарнаму ПЗ. Нягледзячы на разнастайнасць Linux-дыстрыбутываў, сістэм, якія выклікаюць давер адміністратараў, не так ужо і шмат - усіх іх можна палічыць на пальцах адной рукі. Таму ніяк нельга ігнараваць новае абнаўленне openSUSE, хоць мы не раз надавалі яму ўвагу ў нашых аглядах.

OpenSUSE таксама, як Fedora і Ubuntu, мае падтрымку з боку пэўнай камерцыйнай структуры, што, безумоўна, з'яўляецца вартасцю ў вачах карпаратыўнага карыстальніка. Напрыклад, доўгі час у яго распрацоўцы актыўна прымала ўдзел амерыканская карпарацыя Novell, якая тры гады таму стала ўласнасцю Attachmate Group.

Дыстрыбутыў openSUSE падобны на дыстрыбутыў Fedora. Калі апошні з'яўляецца базай для камерцыйнай сістэмы RHEL, то праект openSUSE служыць адпаведна базай для развіцця камерцыйных варыянтаў SUSE Linux Enterprise. Але ў адрозненне ад Fedora распрацоўшчыкі openSUSE робяць упор на стабільнасць і паступальнае развіццё ўсёй сістэмы, а не эксперыменты.

Адрозненні з папулярным дыстрыбутывам Ubuntu носяць той жа характар: openSUSE не спяшаецца быць наперадзе прагрэсу. Тут пакуль, напрыклад, не распрацоўваюць ўласнае працоўнае асяроддзе або версію для тэлефонаў. Іншымі словамі - гэта досыць кансерватыўны дыстрыбутыў.

Пры гэтым сістэма мае даволі вялікую супольнасць карыстачоў, у тым ліку і сярод беларусаў.

Яшчэ трэба ўлічваць такі момант, што ў openSUSE вельмі строга выконваюць заканадаўства ЗША ў галіне патэнтаў. Памятаю, калі я некаторы час выкарыстаў гэтую сістэму ў якасці хатняй, то вельмі раздражняла, што палітыка падтрымкі патэнтаваных кодэкаў у мультымедыйных праграмах тут была самая драконаўская у параўнанні з іншымі дыстрыбутывамі. Хоць, калі казаць аб карпаратыўным ўжыванні, то такая патэнтавая чысціня як раз, можа быць, з'яўляецца дабром.

Таксама ў openSUSE няма LTS-версій з працяглай падтрымкай, як у Ubuntu. Тэрмін, на працягу якога выпускаюцца крытычныя абнаўленні кожнай версіі сістэмы, складае два гады. А кожная новая версія выходзіць праз восем месяцаў.

Праўда, бягучае абнаўленне openSUSE 12.3 было выпушчана пасля шасці месяцаў распрацоўкі. Справа ў тым, што папярэдняя версія затрымалася на два месяцы з-за агульнай для ўсіх дыстрыбутываў праблемы "перавытворчасці праграм", калі вялікая колькасць прыкладанняў робіць цяжкай іх падтрымку ў рэпазітарах.

У якасці альтэрнатывы стандартнага абнаўлення версій замест класічных цыклічных выпускаў распрацоўшчыкі openSUSE прапануюць эксперыментальны ролінг-рэпазітар Tumbleweed. У ім знаходзяцца стабільныя версіі праграмнага забеспячэння, якія бесперапынна абнаўляюцца.

Што ж тычыцца актуальнасці ПЗ непасрэдна ў openSUSE 12.3, то сюды ўваходзяць наступныя асноўныя праграмныя кампаненты: ядро Linux 3.7, Glibc 2.16, X-сервер 1.13, Mesa 9, gdb 7.5, GCC 4.7.2, Python 2.7, LibreOffice 3.6, DigiKam 3.0, Amarok 2.7, Ekiga 4.0, Scribus 1.4.2 і інш.

У цэлым openSUSE 12.3 - гэта дыстрыбутыў пераходнага перыяду. Завершаны пераход на графічныя асяроддзі новага пакалення, і ў дыстрыбутыве можна абраць KDE 4.10, GNOME 3.6, Xfce 4.10, LXDE, KDE 3 і Razor-Qt 0.5, Enlightenment E17.

Таксама скончаны перавод дыстрыбутыва на сістэмны менеджэр новага пакалення systemd. Ўкаранёны гукавы сервер PulseAudio 3 і мультымедыйны фрэймворк GStreamer 1.0. Рэалізавана падтрымка сістэмы ініцыялізацыі UEFI і рэжыму UEFI Secure Boot.

Рэфармуецца і структура файлавай сістэмы. Бібліятэкі і выкананыя файлы перанесены з каранёвай дырэкторыі ў іерархію дырэкторыі /usr. Кропкі мантавання перанесены ў каталог /run/user/.

Па змаўчанні замест СКБД Oracle MySQL зараз прапануецца СКБД MariaDB, і ўсе залежнасці для пакетаў, якія патрабуюць MySQL, цяпер звязаны з MariaDB.

Гэта першы выпуск openSUSE, які ўключае поўны комплекс OpenStack "Folsom" для "хмарных" платформаў.

У дыстрыбутыў ўключана карысная для сісадміна ўтыліта snapper, створаная нядаўна распрацоўшчыкамі openSUSE. Утыліта прызначана для стварэння і кіравання снапшотамі файлавай сістэмы Btrfs. Яна дазваляе ў візуальным рэжыме праглядаць адрозненні паміж бягучым і мінулымі станамі файлаў у сістэме.

Такім чынам, openSUSE 12.3 выглядае цалкам цікава. Дыстрыбутыў распаўсюджваецца ў выглядзе класічнага ўсталявальнага DVD, а таксама Live-вобразаў. Памер вобразаў LiveCD пашыраны да 1 Гб, што дазволіла змясціць больш праграм. Акрамя стандартных працэсарных архітэктур таксама падрыхтавана і афіцыйная зборка openSUSE 12.3 для архітэктуры ARMv7.


OwnCloud 5

Сродак для стварэння прыватнага "хмарнага" сховішча файлаў ownCloud падрабязна прадстаўляць не трэба. Мы ўжо не раз разглядалі гэты праект на сайце "КВ".

На мінулым тыдні выйшла пятая версія гэтага праекта і, як і openSUSE, гэта таксама цяпер адзін з рэальных кандыдатаў для ўкаранення на прадпрыемствах.

Праект ownCloud дазваляе ствараць прыватныя альтэрнатывы публічным сэрвісам "хмарнага" захоўвання файлаў накшталт Dropbox. І такія прыватныя сэрвісы для многіх арганізацый больш пераважныя, чым чужыя "аблокі".

OwnCloud даўно з'явіўся ў афіцыйных рэпазітарах папулярных Linux-дыстрыбутываў, усталёўваецца стандартнымі пакетнымі мэнэджарамі і для арганізацыі яго працы досыць стандартнага LAMP-сервера. Вялікіх праблем пры яго ўсталёўцы ў сістэмнага адміністратара паўстаць не павінна.

Функцыянал OwnCloud пастаянна расце, і да бягучага пятага выпуску - гэта не толькі файлавае сховішча, але і аўдыяплэер, каляндар, адрасная кніга, галерэя фотаздымкаў, нататнік, закладкі. У сувязі з закрыццём RSS-агрэгатара Google Reader, магчыма цікавым здасца ўбудаваны ў ownCloud уласны агрэгатар навін.

У пятай версіі з'явілася магчымасць аднаўлення выпадкова выдаленых файлаў і дырэкторый. Выдаленыя файлы зараз спачатку перамяшчаюцца ў карзіну, з якой іх можна атрымаць назад.

Таксама рэалізавана новая сістэма паўнатэкставага пошуку на аснове рухавічка Apache Lucene. Новая пошукавая сістэма дазваляе шукаць не толькі па імёнах файлаў, але і па іх змесціве.

І можна адзначыць праверку файлаў, якія захоўваюцца ў прыватным "воблаку", на наяўнасць вірусаў. Для праверкі выкарыстоўваецца знаёмы многім сісадмінам серверны антывірус ClamAV.


Ardour 3.0

А галоўнае гістарычная падзея мінулага тыдня - гэта выпуск вольнага гукавога рэдактара Ardour 3. Адбылося тое, пра што даўно марылі некаторыя нашы былыя аглядальнікі "КВ". Гэта значыць з'явілася недарагая лічбавая сістэма апрацоўкі гуку, якая з'яўляюцца адначасова і сістэмай шматтрэкавага запісу/рэдагавання/апрацоўкі, і MIDI-сэквэнсарам, які працуе з VSTi.

Ardour 3 - гэта не толькі рэдактар шматтрэкавага запісу, як Audacity, але гэта ўжо і MIDI-сэквэнсар, які падтрымлівае інтэрфейс MIDI для запісу, рэдагавання і прайгравання. І праца з MIDI - гэта і ёсць асноўнае новаўвядзенне Ardour 3.0.

Дарэчы, Ardour 3 - добры прыклад, які дэманструе розніцу паміж "бясплатным" і "свабодным" ПЗ. Бясплатнае ПЗ не заўсёды дае магчымасць свабодна выкарыстоўваць праграму, напрыклад, у камерцыйных мэтах. А вось вольнае ПЗ - гэта заўсёды адсутнасць падобных абмежаванняў. Пры гэтым вольнае ПЗ можа быць і не бясплатным, як, напрыклад, той жа Ardour 3, за бінарныя зборкі якога аўтар патрабуе заплаціць цэлы даляр. Ці ж трэба бясплатна самому збіраць праграму з зыходнікаў.

Ardour - пазіцыянуецца як лічбавая студыя для прафесійнай працы з гукам на сістэмах Linux і Mac OS. Гэтая студыя дазваляе запісваць адвольную колькасць гукавых дарожак і шын, а таксама запісаць сігнал не толькі з гукавой карты, але і ад любой праграмы, якая падтрымлівае JACK. Рэдактар падтрымлівае LADSPA і LV2-архітэктуры для Linux-плагінаў і дадаткова - Audio Units для OS X.

Спадзяюся, прафесіяналы яшчэ выкажуць сваё меркаванне з нагоды гэтага прыкладання, у тым ліку і на сайце "КВ". Ніжэй коратка скажу некалькі слоў пра сваіх суб'ектыўных ўражаннях аматара ад гэтай праграмы.

Вядома ж, праца з MIDI - гэта самае прыемнае ўражанне. Раней мне трэба было скакаць паміж некалькіх праграмам для маніпуляцый з MIDI і аўдыёфайламі. Цяпер дастаткова аднаго прыкладання.

Яшчэ б я адзначыў перапрацаваны інтэрфейс Ardour 3. Да выхаду трэцяй версіі, па-праўдзе кажучы, з гэтай праграмай адносіны ў мяне не ладзіліся - ужо вельмі інтэрфейс быў выкручасты. А ў трэцяй версіі метадам тыку стала значна прасцей і лягчэй разбірацца з яе магчымасцямі. Можна адзначыць палепшаную панэль агляду сесіі, значна больш інфарматыўныя спісы шын і трэкаў, камутатар гуку ў матрычным стылі. І цяпер вывучэнне Ardour 3 - гэта галоўны мой занятак яшчэ на цэлы тыдзень.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!