Працягнем тэму сродкаў для пераключэння раскладак клавіятур у сістэмах Linux, якая стала найболей актуальная пасля выйсця Ubuntu 13.10. У аглядзе пагаворым пра навіны віртуалізацыі, а таксама працягнем знаёмства з вольнымі адукацыйнымі праграмамі.
Перамыкач раскладак xneur
У апошняй версіі Ubuntu штатны індыкатар клавіятуры апынуўся непрацуючым, і некаторыя карыстачы вырашылі гэту праблему пры дапамозе праграмы X Neural Switcher. Але разгледзім гэту карысную праграму не толькі ў сувязі з праблемнымі індыкатарамі "Дзёрзкай Саламандры", але і таму, што надаўна выйшла яе новая версія - xneur 0.17. Усе выпускі гэтага прыкладання ствараюцца расійскімі праграмістамі на чале з Андрэем Кузняцовым.
Прынцып працы X Neural Switcher аналагічны Punto Switcher для Windows. Гэта праграма ўжываецца для аўтаматычнага пераключэння раскладак клавіятуры ў залежнасці ад мовы набіранага тэксту, і якая прызначана для сістэм GNU/Linux і FreeBSD. Гэта значыць пры наборы тэксту, калі ён набіраецца на няправільнай раскладцы клавіятуры, xneur аўтаматычна ці ў ручным рэжыме пераключыць мову на патрэбную. Пры наборы тэксту ў праграме выкарыстоўваюцца алгарытмы Левенштэйна для вызначэння падобнасці набранага і слоўнікавага слова.
Xneur мае два рэжыму працы: аўтаматычны і ручны. Пры працы ў аўтаматычным рэжыме, xneur самастойна вызначае мову ўводнага тэксту і ў фонавым рэжыме змяняе раскладку клавіятуры.
Аўтаматычны рэжым добры датуль, пакуль не трэба ўводзіць пароль ці захаваць файл з якім-небудзь вельмі арыгінальным імем. У гэтым выпадку xneur можа аўтаматычна памяняць сімвалы, што, напрыклад, вельмі непрыемна пры наборы пароля. Таму ў такіх выпадках трэба папярэдне ўручную пераключыць раскладку на патрэбны варыянт. Ці ж у наладах xneur усталяваць уласную камбінацыю клавіш для разовага адключэння аўтаматычнай замены ("Параметры - Праблемы - Не перамыкаць раскладку, калі перад уводам былі націснуты...").
Аўтаматычны рэжым можна цалкам адключыць, і тады праграма ператвараецца ў стандартны перамыкач раскладак з вялікай колькасцю дадатковых функцый. Пры працы ў ручным рэжыме xneur дазваляе змяняць раскладку апошняга набранага слова праз кнопку Pause/Break. Спалучэнне клавіш Ctrl+Break змяняе раскладку апошняга набранага радка, а спалучэнне Shift+Break змяняе раскладку вылучанага тэксту. Гэтыя спалучэнні клавіш працуюць і ў аўтаматычным рэжыме. Да таго ж гэтыя спалучэнні клавіш можна памяняць у наладах, якія ў xneur даволі разнастайныя.
Панэль "Параметры" xneur можна нават назваць складанай з-за багацця налад. 12 раздзелаў параметраў дазваляюць наладзіць праграму, пачынальна з варыянтаў яе запуску, і сканчаючы параметрамі друкарскай замены - напрыклад, аўтаматычна замяняць тры кропкі на знак шматкроп'я і т.п. І, вядома ж, тут адключаюцца гукавыя эфекты, якія шматлікіх карыстачоў так раздражняюць у xneur.
У праграме падтрымліваюцца наступныя мовы: Армянская, Беларуская, Балгарская, Чэшская, Грузінская, Нямецкая, Грэцкая, Ангельскя, Эстонская, Французская, Казахская, Літоўская, Латвійская, Польская, Малдаўская, Руская, Іспанская, Украінская і Ўзбекская. Для паўнавартаснай працы xneur патрабуе ўсталёўкі слоўнікаў для кожнай абранай мовы - гэта пакеты hunspell, myspell ці aspell.
Адной з характарыстак падобных праграм аўтаматычнага пераключэння раскладак клавіятуры з'яўляецца загрузка працэсара падчас працы. Пры тэставанні апошняй версіі xneur 0.17 у мяне загрузка працэсара AMD Athlon X2 5000+ даходзіла да 13%. Магчыма, гэта зашмат. Таксама пры замене знакаў у вялікім па аб'ёме тэксце праграма можа надоўга "задумацца". Але, тым не менш, выгоды і функцыі праграмы для тых, хто набірае шмат тэкстаў, перавешваюць яе сістэмныя запыты.
Галоўнае ў версіі xneur 0.17 - гэта з'яўленне поўнафункцыянальнага фронт-энду для KDE - kdeneur, распрацоўка якога, здавалася б, была закінута. Kdeneur аналагічны стандартнаму фронт-энду gxneur для GNOME 3. Праўда, у Kubuntu 13.10 у мяне kdeneur не зарабіў. Можа быць, што гэта таксама праблемы бязрадаснай версіі 13.10.
Для карыстачоў Ubuntu усталяваць xneur 0.17 можна з адмысловага рэпазітара.
sudo add-apt-repository ppa:andrew-crew-kuznetsov/xneur-unstable sudo apt-get update sudo apt-get install xneur
kdeneur усталёўваецца асобна
sudo apt-get install kdeneur
Пасля запуску gxneur/ kdeneur у трэі павінен з'явіцца асобны індыкатар раскладак. Клікнуўшы па ім правай кнопкай мышы, у раздзеле "Параметры" можна ўсталяваць аўтаматычны запуск пры старце сістэмы. Адпаведна карыстачы, асабліва карыстачы бязрадаснай сістэмы Ubuntu 13.10, могуць адключыць штатны індыкатар у наладах клавіятуры.
VirtualBox 4.3 хатнім карыстачам
Выпуск сістэмы віртуалізацыі Oracle VM VirtualBox 4.3 адбыўся практычна адначасова з Ubuntu 13.10 і тым самым апынуўся ў нас за межамі ўвагі. Тым не менш, варта адзначыць і гэту навіну.
VirtualBox дазваляе на праграмным узроўні ствараць віртуальныя ПК з асобнай памяццю, працэсарам, віртуальным цвёрдым дыскам, відэакартай, сеткавымі адаптарамі, што дазваляе на гэту віртуальную персаналку ўсталяваць любую аперацыйную сістэму. І такім чынам можна запускаць прыкладанні Windows у сістэме Linux і наадварот.
Тэхналогіі віртуалізацыі цяпер вельмі папулярныя, і паміж асобнымі распрацоўнікамі гэтых тэхналогій ідзе барацьба. Найболей папулярныя тэхналогіі - VMWare, Microsoft Hyper-V, QEMU, Xen, Parallels, KVM.
Oracle VirtualBox не з'яўляецца лідарам у гэтай барацьбе. Тым не меней, гэта сістэма стварэння і кіраванні віртуальнымі машынамі мае свае перавагі. У першую чаргу гэта даступнасць і прастата. VirtualBox з'яўляецца, напэўна, самым лёгкім спосабам скарыстацца тэхналогіямі віртуалізацыі нават для побытавых мэт.
VirtualBox - праект з адкрытым кодам і распаўсюджваецца бясплатна. У тым ліку бясплатна распаўсюджваюцца і дадатковыя зачыненыя пашырэнні VirtualBox Extension Pack.
VirtualBox з'яўляецца крос-платформавым прыкладаннем. Таму праграма часта выкарыстоўваецца для знаёмства з рознымі АС. У версіі VirtualBox 4.3 заяўлена падтрымка Windows Server 2012 R2, Windows 8.1 і OS X Mavericks. Для апошніх версій Windows маецца падтрымка сэнсарнага ўводу і мульцітача.
Спецыялісты пацвердзяць, VirtualBox - лепшае рашэнне для працы з графічным сімулятарам сеткі GNS3, які ўжываецца для падрыхтоўкі і тэставанні адміністратараў сеткавых інфраструктур Cisco. Пры адсутнасці магчымасці атрымаць доступ да рэальнага абсталявання Cisco, GNS3 - адзіны спосаб атрымаць прафесійную сертыфікацыю для працы з прадукцыяй Cisco Systems.
Што датычыць новых сеткавых магчымасцяў у VirtualBox 4.3, то можна адзначыць эксперыментальную функцыю "віртуальнага роўтара", калі некалькі віртуальных машын можна аб'яднаць у адну віртуальную сетку.
Звычайныя карыстачы часта глядзяць на віртуальныя машыны як на магчымасць запускаць шматлікія кампутарныя гульні. Мяркуючы па апошніх "поспехах" Windows 8, сапраўды, шматлікія гульні хутка атрымаецца запускаць хіба што ў SteamOS ці толькі ў віртуалках.
Існуе меркаванне, што справы з гульнямі ў VirtualBox ідуць горш, чым у VMWare Player. Хоць, магу сказаць, Starcraft і Disciples 2 у VirtualBox запускаюцца даволі паспяхова.
Але справа яшчэ і ў тым, што 3D-графіка цяпер актыўна выкарыстоўваецца ў карыстацкіх інтэрфейсах сучасных АС. У выніку чаго, напрыклад, апошнія версіі Ubuntu могуць тармазіць у VirtualBox. Але, калі верыць спецыялістам Oracle, то ў VirtualBox 4.3 палепшана падтрымка 3D-паскарэння, у тым ліку забяспечана і карэктнае адлюстраванне візуальных эфектаў сучасных інтэрфейсаў Ubuntu і Fedora.
Таксама звычайным карыстачам у новай версіі VirtualBox павінны быць цікавыя падтрымка віртуальных USB вэб-камер, а таксама магчымасць стварыць відэазапіс экрана віртуальнай машыны.
Kalzium для ўрокаў хіміі
Навучальныя праграмы ўсё яшчэ, спадзяемся, актуальныя. Таму нагадаем праграму Kalzium для вывучэння перыядычнай сістэмы хімічных элементаў, якая абнавілася на мінулым тыдні да версіі 4.11.2.
Kalzium - прыкладанне не крос-платформавае і распаўсюджваецца толькі на сістэмах Linux у складзе пакета адукацыйных праграм KDE Education Project. У гэты адукацыйны пакет таксама ўваходзяць праграмы для ўрокаў па геаграфіі, мове, матэматыцы астраноміі і іншым прадметам
Kalzium - інтэрактыўная табліца Мендзялеева, якая дае інфармацыю пра сімвалічнае пазначэнне хімічнага элемента, яго атамную вагу, энергію, структуру і іншыя дадзеныя.
Праграма мае мноства рэжымаў візуалізацыі перыядычнай сістэмы элементаў. Можна візуалізаваць перыядычную табліцу па блоках, групах. Можна задаваць дыяпазоны элементаў па атамным і ўдзельным вагам, энергіям іянізацыі, электраадмоўнасці і іншым параметрам.
Дадаткова ў праграме прысутнічаюць розныя прылады. Тут ёсць спецыялізаваны калькулятар для розных тыпаў хімічных разлікаў. Таксама маецца 3D-канструктар малекул, з магчымасцю запампаваць дадзеныя з Інтэрнэту. Ёсць і прылада для візуалізацыі спектральных ліній кожнага элемента.
Увогуле, праграма Kalzium спатрэбіцца як навучэнцам, так і аматарам чытаць навукова-папулярныя часопісы.
Міхаіл АСТАПЧЫК
Горячие темы