Навінкі вольнага софту

Сёння атрымаўся агляд выключна мультымедыйных праектаў. Развітаемся з рэпазітаром мультымедыйных праграм Medibuntu. Парадуемся з'яўленню новага відэарэдактара для Linux, а таксама - з'яўленню вольнага аналога Adobe Pixel Bender. І адзначым прыладу для працы з файламі ў фармаце Matroska.


Развітанне з Medibuntu!

Не вельмі прыемная вестка для некаторых карыстачоў Ubuntu: у сярэдзіне верасня быў зачынены рэпазітар з дадатковымі мультымедыйнымі бібліятэкамі і прыкладаннямі Medibuntu. З яго можна было ўсталяваць адсутныя ў афіцыйных рэпазітарах Ubuntu мультымедыйныя кодэкі і праграмы з іх падтрымкай.

Афіцыйнае тлумачэнне мантэйнераў такое: праект з кожным годам станавіўся ўсё меней запатрабаваным, у выніку чаго рэпазітар вырашана было зачыніць. Паводле статыстыкі, фактычна адзіным запатрабаваным пакетам у Medibuntu з'яўлялася нелегальная на тэрыторыі ЗША бібліятэка libdvdcss, якая выкарыстоўваецца для працы з зашыфраванымі DVD-дыскамі.

Сапраўды, большасці карыстачоў Ubuntu хапае мультымедыйных магчымасцяў, што маюцца ў стандартным рэпазітары. Аднак, напрыклад, я прыналежу да тых, хто выкарыстоўваў Medibuntu, бо ў ім і Avidemux, і Mplayer, і FFmpeg, і Handbrake мелі значна шырэйшы функцыянал, чым у ліцэнзійна чыстых зборках Canonical. Таксама відэарэдактары ў Ubuntu 13.04 цяпер маюць праблемы з рэндэрынгам відэа, але замяніць іх на версіі з Medibuntu ужо не атрымаецца. Калі такія невясёлыя навіны са свету Ubuntu будуць і далей працягвацца, то, магчыма, нават сыду на які-небудзь ROSA Desktop.

А папулярную ў народзе хакерскую бібліятэку libdvdcss узялі пад крыло распрацоўнікі відэаплэера VideoLAN (VLC). Каб мець магчымасць усталяваць гэты пакет, карыстачам Ubuntu варта дадаць у /etc/apt/sources.list радкі

deb http://download.videolan.org/pub/debian/stable/ /
deb-src http://download.videolan.org/pub/debian/stable/ /

Пасля чаго выканаць каманды

curl ftp://ftp.videolan.org/pub/debian/videolan-apt.asc | sudo apt-key add -
sudo apt-get update


Відэарэдактар Flowblade

Калі дзесьці знікае, то ў іншым месцы прыбывае. Зышоў ад нас рэпазітар Medibuntu, але замест яго прыбыў новенькі відэарэдактар Flowblade, які прызначаны для хуткага і простага нелінейнага мантажу відэа на сістэмах Linux.

Насамрэч гэта прыкладанне з'явілася больш году назад, але ўвесь гэты час ў Flowblade шмат функцый былі недаробленымі. І вось у сярэдзіне верасня з'яўляецца версія Flowblade 0.10, якая можа ўжо выкарыстоўвацца як працоўная прылада. Напрыклад, мне атрымалася ў гэтым рэдактары сабраць аматарскі відэаролік для сяброў пра наведванне парку адпачынку. Функцыі рэдагавання відэакліпаў, стварэнні тытраў, за выключэннем рэндэрынгу ў Flowblade працавалі без асобых праблем. Што ж датычыць не вельмі ўдалага рэндэрынгу, то гэта, відаць, была праблема Ubuntu 13.04, у якой падобныя цяжкасці кадавання відэа назіраліся ў мяне і ў іншых мультымедыйных праграмах.

У Linux ужо маецца прыстойны рэдактар паўпрафесійнага ўзроўня Kdenlive. Таму лагічна будзе параўноўваць паміж сабой гэтыя два відэарэдактары.

Для графічнага інтэрфейсу Flowblade і Kdenlive выкарыстоўваюць розныя графічныя бібліятэкі. Калі Kdenlive заснаваны на бібліятэках Qt, то Flowblade ужывае Python/GTK. Можа здацца, што Python - гэта не лепшы выбар у плане хуткадзейнасці праграмы. Але на практыцы я падчас працы Flowblade ніякіх тармазоў інтэрфейсу на сістэме Intel Core i3 не назіраў.

Інтэрфейс Flowblade, як і інтэрфейс Kdenlive, з'яўляецца тыповым для видеарэдактараў. Гэта класічныя тры панэлі: панэль прадпрагляду відэа, панэль аўдыё- і відэадарожак, а таксама панэль для арганізацыі кліпаў, кіравання файламі праекта, выбару эфектаў і т.п.

Аднак непасрэдная праца з відэаматэрыялам у Kdenlive і Flowblade прыкметна адрозніваецца. Гэта значыць нельга адразу перасесці з Kdenlive на Flowblade - прыйдзецца ці вывучаць новы рэдактар "метадам тыка", ці ж паглядзець навучалае відэа. Напрыклад, вялікія адрозненні ў гэтых рэдактарах пры працы з дарожкамі. Flowblade мае чатыры рэжыму працы з трэкамі, і для абразання кліпаў па часе трэба ўключыць адмысловы рэжым Roll Trim, абраўшы гэты рэжым са спецыяльнага выпадаючага меню на мультытрэкавай панэлі. А для таго, каб паставіць адрэзак відэа ў любую пазіцыю на часовай шкале, трэба з гэтага выпадальнага меню абраць ужо іншы рэжым - Overwrite Move.

На мой суб'ектыўны погляд, у Flowblade больш удала згрупаваны табы ў панэлі кіравання рэсурсамі і параметрамі праекта - кліпамі, эфектамі, рэндэрынгам. У Kdenlive гэта панэль, ізноў-такі суб'ектыўна, меней зручная. А вось адлюстраванне відэадарожак на мультытрэкавай панэлі ў Flowblade зусім прасценькае - простай палоскай, без усякіх візуальных фішак.

Што да спецэфектаў, то і Kdenlive, і Flowblade выкарыстоўваюць для гэтай справы адну агульную бібліятэку frei0r, вялікую частку спецэфектаў у якой напісана як раз распрацоўнікамі Kdenlive. І ў стаўленні спецэфектаў Flowblade можна смела назваць клонам Kdenlive.

Рэндэрынг гатовых фільмаў у Flowblade ажыццяўляецца сіламі сістэмных кодэкаў. Гэта значыць на сістэмах з розным камплектам мультымедыйных кодэкаў будуць і розныя магчымасці рэндэрынгу. Гэта дакранаецца і агульнай якасці канчатковага відэафайла. Напрыклад, у абедзвюх праграмах у некаторых выпадках на Ubuntu 13.04 могуць назірацца з рэндэрынгам праблемы, прымушаючы лішні раз добрым словам успомніць вечнай памяці Medibuntu.

Flowblade прызначана для Linux-сістэм. Праграмы няма ў рэпазітарах Ubuntu, але на афіцыйным сайце даступны гатовы агульны deb-пакет памерам 6 мегабайт для ўсталёўкі на Ubuntu 13.04, Ubuntu 12.04 і Linux Mint 14, Linux Mint 15. Павінна працаваць і на Ubuntu 12.10, Ubuntu 11.10, Linux Mint 12, Linux Mint 13 і Debian 7. З залежнасцяў запатрабуецца ўсталёўка python-support, gtk2-engines-pixbuf, python-mlt, frei0r-plugins, python-numpy. Ліцэнзія кода Flowblade: GNU GPL v3.


Фрактальныя карцiны ў Fragmentarium

Наступная праграма з адкрытым зыходным кодам Fragmentarium хоць і з'яўляецца спецыялізаванай, тым не менш, яна цікаўная і для шырокага кола карыстачоў. Праграм для працы з фракталамі існуе шмат, але Fragmentarium дазваляе ствараць на аснове фрактальных алгарытмаў цікавыя трохмерныя аб'екты, прасторы і нават светы, якімі забаўна палюбавацца ці выкарыстоўваць у так званым генератыўным без прыстаўкі "дэ" мастацтве.

Аўтар праграмы Мікаэль Крыстэнсэн, вядомы па стварэнні праекта Structure Synth, пасля двух гадоў распрацовак выпусціў у верасні першую стабільную версію Fragmentarium 1.0. Праграма стваралася пад уражаннем ад Adobe Pixel Bender, але для генерацыі фрактальнай 2D і 3D графікі ў ёй выкарыстоўваецца чысты GLSL.

Адпаведна для працы ў праграме спатрэбіцца больш-меней сучасная відэакарта, якая падтрымлівае стандарты GLSL. Таксама ў Fragmentarium ёсць спецыяльнве акно для кода GLSL з падсвятленнем сінтаксісу.

Графічныя прыклады адлюстроўваюцца ў цэнтральным акне праграмы ў аўтаматычным ці ручным рэжыме ў залежнасці ад магутнасці сістэмы. Падтрымліваецца простая анімацыя фрактальных сцэн. З правага боку праграмы знаходзіцца панэль вертыкальных укладак з рознымі параметрамі фрактальнага малюнка: камера, трасіроўка прамянёў, асвятленне, колер, параметры фрактала.

Fragmentarium мае сістэму табаў, у кожным з якіх можа адлюстроўвацца асобны графічны прыклад. Пры пераходзе паміж укладкамі часта трэба націскаць кнопку "Build" для перамалёўкі бягучай графічнай сцэны. Гэта робіцца для эканоміі рэсурсаў кампутара. Таксама для рэгулёўкі хуткасці рэндэрынгу маюцца два паўзунка з аднолькавай назвай "The Preview": левы выкарыстоўваецца пры праглядзе паверхні фрактала, а правы - для зніжэння якасці малюнка пры праглядзе.

Для знаёмства з Fragmentarium непасрэдных ведаў GLSL не патрабуецца. У склад прыкладання ўваходзіць вялікая колькасць ужо гатовых прыкладаў, якія можна загрузіць з меню "Examples".

Гатовыя зборкі Fragmentarium пакуль ёсць толькі для Windows. Памер усталёўшчыка Windows-версіі каля 12 мегабайт. У Linux прыйдзецца сабраць праграму самастойна з зыходнікаў.


MKVToolnix для "матрошак"

І апошняя праграма - утыліта, якая ўсім можа спатрэбіцца ў побыце. Тым больш, раз яна ўвесь час абнаўляецца, значыць патрэба ў ёй сапраўды ёсць. На мінулым тыдні выйшло чарговае абнаўленне кросплатформавага прыкладання MKVToolnix да версіі 6.4. Гэта функцыянальны набор прылад для працы з файламі фармату MKV (Matroska).

Шмат хто, упэўнены, загружалі з Інтэрнэту фільмы ў фармаце MKV. "Матрошка" - гэта фармат мультымедыйнага кантэйнера, у які можна змясціць, як у матрошку, некалькі відэа- і аўдыёдарожак, субтытры, малюнкі і яшчэ шмат чаго. Гэта зручна пры абмене фільмамі ў Інтэрнэт. Пры гэтым у кантэйнерах MKV таксама зручна змяняць субтытры і гукавы пераклад, не перакадуючы відэа і тым самым не губляючы яго якасці.

Таму ні для каго не будзе лішняй утыліта для працы з мультымедыйнымі кантэйнерамі MKV, якая дазваляе як ствараць файлы MKV, так і разбіраць іх на асобныя рэсурсы. Бясплатная і вольная праграма MKVToolnix - і ёсць такая ўтыліта.

MKVToolnix дазваляе рабіць з файламі MKV практычна ўсё: дадаваць, здабываць, выдаляць відэаструмені, гукавыя дарожкі і субтытры, рэдагаваць, разбіваць і аб'ядноўваць відэа файлы, а таксама канверсаваць відэа-файлы розных тыпаў непасрэдна ў кантэйнер MKV.

Праграма існуе і ў кансольным варыянце, і ў выглядзе прыкладання з простым зразумелым графічным інтэрфейсам, у тым ліку і перакладзеным на рускую мову.

Утыліта MKVToolnix даступна ў версіях для Windows, GNU/Linux, MacOSX. Калі пампаваць з афіцыйнай старонкі версію для Windows, тое выбіраць са спісу трэба ўсталявальныя файлы апошніх версій з імем mkvtoolnix-unicode.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!