Навінкі вольнага софту

Без сумневу, новы навучальны год будзе суправаджацца ўжо звыклай чарговай хваляй як гутарак, так і рэальных спроб частковага ці поўнага пераходу адукацыйных устаноў на вольнае ПЗ. Спадзяемся, нашы агляды вольнага софту дапамагаюць выбіраць для гэтага пераходу цікавае праграмнае забеспячэнне. Сёння разгледзім сур'ёзнае прыкладанне са свету open source для працы з каналамі RSS і не вельмі сур'ёзную праграму для GIF-анімацыі. Таксама пазнаёмімся з прыкладаннем, якое прызначана для, як гэта ні дзіўна прагучыць, царкоўных нядзельных школ.


QuiteRSS для каналаў навін

Нягледзячы на немалы выбар праграм і анлайн-сэрвісаў для чытання стужак навін, некатоыя карыстачы і дагэтуль знаходзяцца ў пошуку зручнай для сябе RSS-чыталкі. Для тых, хто аддае перавагу лакальным RSS-рыдарам, а не анлайн-сэрвісы, можна рэкамендаваць прыкладанне QuiteRSS.

QuiteRSS - бясплатная і з вольным зыходным кодам (ліцэнзія GPLv3) праграма для чытання навінавых каналаў RSS/Atom. Праграма за час свайго двухгадовага існавання ледзь не штомесяц абнаўляецца. Бягучая версія за жнівень - QuiteRSS 0.13.3. Прыкладанне створана расійскімі распрацоўнікамі, якія на сваёй старонцы "Вконтакте" вітаюць любыя заўвагі і пажаданні па развіцці праекта.

QuiteRSS - крос-платформная праграма. Маюцца версіі для Windows, MacOS, GNU/Linux. Для Windows існуе і пераносны на флэшцы варыянт.

QuiteRSS нельга аднесці да мінімалістычных праектаў. Спіс магчымасцяў прыкладання вельмі шырокі:

  • убудаваны браўзар на рухавіку WebKit;
  • імпарт і экспарт стужак у OPML-файлы, што дазваляе пераносіць усе свае каналы з аднаго ПК на іншы;
  • укладкі для адчыненых стужак навін;
  • майстар дадання стужак, які па спасылцы на сайт знойдзе стужку сам;
  • адключэнне аўтазагрузкі малюнкаў для кожнай стужкі;
  • фільтры стужак: новыя, непрачытаныя, абраныя, за апошні дзень, за тыдзень;
  • магчымасць прызначэння навінам пазнак;
  • уласныя карыстацкія пазнакі, якія можна ўсталяваць праз меню "Options - Labels";
  • катэгорыі навін: непрачытаныя, абраныя, выдаленыя, пазнакі;
  • аўтаматычная ачыстка стужак па зададзеных крытэрах;
  • магчымасць падзяліцца навінай праз Email, Evernote, Facebook, VK, LiveJournal, Pocket, Twitter;
  • змена стылю навіны пры дапамозе карыстацкай табліцы стыляў CSS;
  • апавяшчэнне пра новыя ўваходныя навіны і гукавая абвестка;
  • згортванне прыкладання ў трэй: пры запуску, пры мінімізацыі акна, пры зачыненні;
  • налада адлюстравання інфармацыі пра стан стужак на абразку ў трэі;
  • абнаўленне стужак пры запуску ці па раскладзе:
  • мэнэджар загрузкі файлаў;
  • гарачыя клавішы;
  • шматмоўны інтэрфейс (22 мовы).

Практычна тут ёсць усё, што трэба калі і не для поўнага шчасця, то для паўнавартаснай працы з RSS-каналамі. Пры гэтым QuiteRSS адрозніваецца простым і не перагружаным анімацыяй і эфектамі інтэрфейсам. Праграма адрозніваецца нядрэннай надзейнасцю, і ўсе заяўленыя ў ёй функцыі працуюць спраўна. Хіба што няма мабільных варыянтаў праграм для Android і iOS.

На старонцы для спампоўкі праграмы прадстаўлены толькі зыходныя коды прыкладання і зборкі для Windows. У афіцыйным рэпазітары Ubuntu Linux гэты RSS-рыдар не прысутнічае. Але карыстачы Ubuntu могуць усталяваць прыкладанне праз адмысловы ppa-рэпазітар.

sudo add-apt-repository ppa:quiterss/quiterss
sudo apt-get update
sudo apt-get install quiterss


OpenLP у нядзельных школах

Вольнае ПЗ існуе не толькі для звычайных свецкіх навучальных устаноў, але таксама і для нядзельных царкоўных школ таксама. Прыкладам таму можна назваць прыкладанне OpenLP. Гэта спецыялізаваная праграма, якая дазваляе ствараць хуткія прэзентацыі на аснове рэлігіёзных тэкстаў і песень, графічных слайдаў і ўсё гэта адлюстроўваць праз праектар на вялікі экран для вялікай колькасці людзей.

Лёгка здагадацца, што прыкладанне створана прадстаўнікамі "прагрэсіўных" заходніх хрысціянскіх канфесій, і яно прызначана таксама і для правядзення царкоўных службаў. Але ў старастыльных набажэнствах усходніх цэркваў гэта праграма ці наўрад будзе запатрабавана, а вось для прыхадскіх нядзельных школ яна можа спатрэбіцца нават у самых артадаксальных прыходах. А ў сілу адкрытасці кода OpenLP цалкам магчыма прыстасаваць нават і для якіх-небудзь свецкіх мерапрыемстваў.

OpenLP прапануе набор прылад для стварэння структураванага сховішча матэрыялаў рэлігійнага зместу: тэкстаў, малюнкаў, прэзентацый, медыяфайлаў і т.п. Некаторы неабходны кантэнт будзе прапанавана запампаваць з Сеткі адразу ж пасля ўсталёўкі прыкладання. Усе гэтыя матэрыялы можна злучаць паміж сабой паслядоўна ў асобныя службы ў адмысловым мэнэджару служэнняў з мэтай далейшай дэманстрацыі на насценным экране праз праектар. Таксама OpenLP мае і сродкі для рэдагавання кантэнту і функцыі для яго візуальнага афармлення.

Адпаведна магчымасцям OpenLP уладкованы і інтэрфейс гэтай праграмы. З левага боку прыкладання размешчана акно з укладкамі ўсіх наяўных тэкстаў, песень, прэзентацый, слайдаў. Тутака ж маецца і прылада для рэдагавання гэтых матэрыялаў і функцыя лакальнага пошуку. Напрыклад, можна змяняць структуру тэкстаў разбіваючы іх на вершы, якія ўжо будуць паслядоўна адзін за адным выводзіцца на экран. Для рэдагавання візуальнага выгляду і папярэдняга прагляду маецца асобнае акно "Preview", дзе можна з дапамогай адмысловай прылады змяняць параметры адлюстравання матэрыялаў на экране праектара: фонавы малюнак, параметры шрыфтоў і г.д. Для непасрэднага кіравання прэзентацыяй прысутнічае асобнае акно "Live". Тут у рэальным часе пасродкам мышы і клавіятуры адбываецца кіраванне ходам самай прэзентацыі. І маюцца таксама дадатковыя вокны для змены агульных візуальных тэм і складу службы.

Каб разабрацца з усімі асаблівасцямі праграмы, па праўдзе кажучы, мне прыйшлося добра павазіцца. Кнопкі прылад у праграме раскіданы па ўсім экране прыкладання і, запусціўшы першы раз OpenLP, не адразу і зразумееш куды і як націскаць. Таксама нельга сказаць, што праграма працуе хутка.

OpenLP - крос-платформное прыкладанне. Варыянты праграмы маюцца для ўсіх асноўных аперацыйных сістэм, уключаючы FreeBSD. Старыя версіі прыкладання маюцца ў стандартных рэпазітарах папулярных дыстрыбутываў Linux. Аднак лепш спампоўваць апошнюю версію OpenLP 2.0.2, якая выйшла ў канцы жніўня, бо ў ёй выпраўлена вельмі шмат розных памылак.


Вясёлыя анімацыі Qgifer

І апошняя праграма ў нашым сённяшнім аглядзе, упэўнены, спадабаецца ўсім школьнікам і ліцэістам, якія вярнуліся з летняга адпачынку да сваіх кампутараў. Хоць бы таму, што гэта праграма ніякага стаўлення да сумных урокаў не мае, а падае магчымасць стварыць з відэафайлаў вясёлую анімацыю ў выглядзе малюнкаў фармату GIF. Пасціць падобныя малюначкі ў соцсеткі "Вконтакте", "Фэйсэбук" і іншых - гэта любімы занятак сучаснага падрастаючага пакалення. Папулярнасць такіх кароткіх анімацый такая, што да папулярнага сэрвісу для мікраблогаў Twitter напачатку гэтага года было нават падлучана адмысловае прыкладанне Vine для кароткіх, не больш за 6 секунд, відэа.

Само сабой міма рашэння такой "важнай" задачы стварэння GIF-анімацыі не маглі прайсці і распрацоўнікі вольнага ПЗ. І літаральна падчас гэтага лета для гэтай справы была створана праграма Qgifer. Хоць прыкладанне мае пакуль статут бэта-версіі, яно ўжо цалкам працаздольна, і з яго дапамогай можна хутка стварыць GIF-анімацыю з падручных відэаролікаў, знятых мабільнікам. Па гэтай спасылцы мой асабісты прыклад анімацыйнага малюначка, які я за дзесць хвілін стварыў у гэтай праграме.

Працэс стварэння анімацыі ў Qgifer можна асвоіць у некалькі мінут. Праграма мае ўбудаваны прайгравальнік відэа, пад якім знаходзіцца дзве часавыя шкалы. Трэба ўсяго толькі на ніжняй шкале задаць пачатковую і канчатковую кропку для анімацыі пры дапамозе кнопак "Start from current frame" і "Stop at current frame" на панэлі прылад. Бягучы кадр можна задаць на верхняй часавай шкале, калі навесці курсор на гэту шкалу курсор у рэжыме паўзы і круціць кола мышы. Таксама нумар пачатковага і канчатковага кадра можна задаць у адмысловых палях ўводу ў бакавой панэлі "Output properties". Пасля чаго застаецца толькі націснуць кнопку "Extract GIF" і анімацыя гатовая.

Але ў Qgifer ёсць і дадатковыя функцыі. Можна, напрыклад, на анімацыю дадаць тэкст ці іншы малюнак. Маюцца ўбудаваныя прылады карэкцыі колеру, размыцця, дызэрынгу. Пры ўсталяваным у сістэме прыкладанні ImageMagick, яго можна выкарыстоўваць для аптымізацыі GIF.

Праграме яшчэ не хапае "адпаліраванасці". Напрыклад, не перашкодзіла б больш дасканалая і больш інфарматыўная шкала для адзнакі пачатковай і канчатковай кропкі анімацыі.

Qgifer - прыкладанне крос-платформавае. З вэб-старонкі прыкладання можна запампаваць гатовую зборку для Windows памерам каля 15 мегабайт. Ёсць там і зборка ў выглядзе deb-файла, але, напрыклад, на апошняй версіі Ubuntu гэта зборка не працуе. Для Linux праграма добра збіраецца з зыходнікаў. Хоць не доўга, думаю, чакаць яе з'яўлення ў афіцыйных рэпазітарах.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!