Навіны вольнага ПЗ

З пачаткам бэта-тэставання камерцыйнага онлайн-сэрвісу Steam для Linux, паспрабуем вызначыць, які ўплыў акажа на інфраструктуру GNU/Linux экспансія кампутарных гульняў кампаніі Valve. Таксама зробім невялікі міні-агляд рашэнняў для рэалізацыі рэжыму ўстаноўкі дзвух аперацыйных сістэм (дуалбута) на мабільныя прылады. І на прыкладзе дызайнерскай праграмы ZebraTrace у нас ёсць магчымасць сапрысутнічаць пры зараджэнні карыснага вольнага прыкладання.


Бывай, дуалбут! ..

Галоўная гучная навіна мінулага тыдня ў свеце Linux, якая выклікала, што называецца, "дзвіжуху" на форумах і блогах лінуксоідаў, - гэта пачатак бэта-тэставання кліента інтэрнэт-сэрвісу Steam для Linux. Гэтая рэвалюцыйная падзея адбылася як раз напярэдадні знамянальнага дня 7-га лістапада.

Steam - папулярная анлайнавая крама кампутарных гульняў, якая да нядаўняга часу працавала толькі з платформамі Windows і Mac OS. Гэтая сістэма дыстрыбуцыі ПЗ належыць буйной кампаніі Valve, якая выпусціла такія хіты як Half-Life, Counter Strike, Team Fortress 2, Portal.

З аднаго боку сэрвіс Steam, як і кампутарныя гульні, што ў ім прадаюццаі, ніякага дачынення да вольнага ПЗ не маюць. Valve у дадзеным выпадку мае свае ўласныя карпаратыўныя мэты, спрабуючы з выхадам Windows 8 падстрахаваць свой бізнэс.

З іншага боку з'яўленне прадукцыі такой буйной кампаніі на платформе Linux не можа не адбіцца на далейшым развіцці гэтай платформы. Вядома ж, усё гэта адбудзецца, калі ў Valve атрымаецца ажыццявіць задуманае і перанесці ўсе свае гульні на сістэму, якая да гэтага лічылася непрыдатнай для камерцыйных кампутарных забавак.

Перанос на вольную платформу сваіх гульняў Valve пачала не так даўно - яшчэ ў гэтым годзе. Але працэс ідзе вельмі актыўна. З нетраў кампаніі увесь гэты час пастаянна даносіліся ўхваляльныя воклічы аб тым, якая добрая для гульняў сістэма GNU/Linux і асабліва - Ubuntu.

І менавіта Ubuntu стаў першым дыстрыбутывам, для якога даступны кліент Steam. Гэты кліент распаўсюджваецца для тэсціравання ў выглядзе deb-пакетаў для Ubuntu 12.04 і 12.10.

Каб праверыць бэта-версію работы кліента Steam, больш чым 60 000 чалавек зарэгістраваліся за мінулы тыдзень у якасці тэстыравальнікаў. Хоць на самай справе кліент на момант яго з'яўлення можна было запусціць і без статусу бэта-тэстэра.

На пачатак бэта-тэставання ў анлайн-краме прысутнічала 26 гульняў. Для бясплатнага тэсту ў Linux прапаноўвалася афіцыйная версія гульні Team Fortress 2. Хоць, ёсць меркаванне, што асноўная мэта бэта-тэставання - гэта праверка таго, наколькі шмат карыстальнікі Linux гатовыя плаціць. І трэба сказаць, як сведчыць вопыт распаўсюджвання зборніка гульняў для "Лінукс" Humble Indie Bundle, лінуксоіды плацяць за гульні больш шчодра, чым карыстачы іншых сістэм.

Наогул, абяцалі для тэставання Left 4 Dead 2. Але вось пакуль штосьці не атрымліваецца з партаваннем гэтай гульні. Так што не ўсё так аптымістычна з пераносам усіх гульняў Valve. Хаця ў спісе прысутнічае, напрыклад, вельмі прыемная рэч Book Unwritten Tales, якая з'яўляецца цікавай навінкай і атрымала за час свайго існавання ўжо шмат пахвальных водгукаў.

Але нас у першую чаргу цікавіць магчымыя наступствы для ўсёй інфраструктуры GNU/Linux у выпадку паспяховай экспансіі Valve са сваімі гульнямі.

Па-першае, моцна паменшыцца колькасць дуалбутчыкаў - карыстальнікаў, у якіх дадаткова да Linux ўсталявана на персанальным кампутары і Windows, наяўнасць якой абумоўлена жаданнем пагуляць у самыя сучасныя гульні. Большасць геймераў не задавальняе запуск гульняў у эмулятарах накшталт Wine. З выхадам Steam для ніх неабходнасць у дадатковай ўсталёўцы Windows адпадзе.

Па-другое, Steam для Linux апынецца яшчэ адным важным стымулам для павелічэння папулярнасці стандарту 3D-графікі OpenGL ў якасці гульнявога стандарту па параўнанні з Microsoft DirectX. Хоць у першую чаргу, вядома ж, адраджэнню OpenGL, як стандарту для гульняў, паспрыяла Apple са сваімі айфонамі і айпэдамі. Але, у выпадку поспеху Valve, OpenGL набудзе чарговых сваіх прыхільнікаў у гульнявым бізнэсе.

Па-трэцяе, павінна палепшыцца якасць відэадрайвераў для Linux, якія выпускаюць AMD і NVIDIA. Напрыклад, ці ледзь не ў дзень выхаду Steam-кліента для Ubuntu кампанія NVIDIA заявіла аб істотным павелічэнні прадукцыйнасці сваіх Linux-відэадрайвероў. Праца па аптымізацыі была выканана сумесна з кампаніяй Valve і шэрагам вытворцаў гульнявых прыкладанняў, зацікаўленых у павелічэнні прадукцыйнасці графічнай падсістэмы свабодных АС. Хаця злыя языкі сцвярджаюць, што гэта непрыстойныя жэсты Лінуса Торвальдса ў дачыненні да NVIDIA падзейнічалі.

Што ж тычыцца прыватных інтарэсаў, то адназначна выйграе Canonical са сваім дыстрыбутывам Ubuntu, які набудзе новых прыхільнікаў. Але, напрыклад, такія праекты як Desure, які з'яўляецца альтэрнатывай Steam, магчыма страцяць частку сваіх карыстальнікаў.

Прыватныя інтарэсы самой кампаніі Valve ў выпадку поспеху гэтай "авантуры", відаць, складаюцца ў жаданні стварыць сваю ўласную гульнявую кансоль на базе Linux. Пра гэта сведчыць выхад адначасова з Linux-версіяй кліента і бэта-версіі новай тэхналогіі Big Picture, створанай для выкарыстання Steam на шырокафарматных тэлевізарах.


...І зноў дабрыдзень, дуалбут!

Без сумневу, планшэты значна пацесняць нэтбукі. Хаця замяніць паўнавартасныя наўтбукі планшэты наўрад ці змогуць. Асабліва калі вытворцы наўтбукаў прыслухаюцца да парады Лінуса Торвальдса, што заклікаў значна павялічыць шчыльнасць пікселяў на наўтбучных дысплеях да ўзроўню Apple Retina.

Планшэты найбольш актыўна пачнуць цясніць нетбукі, магчыма, тады, калі з'явіцца лёгкі спосаб устаноўкі некалькіх розных сістэм на "таблетку". То есць гаворка ідзе аб рэжыме дуалбут. Напрыклад, у планшэтным тач-рэжыме выкарыстоўваецца "Андроід", а пры падключэнні клавіятуры і мышы карыстальнік загружаецца ў аперацыйную сістэму накшталт Ubuntu і працуе з планшэтам ў рэжыме нэтбука.

Магчымасць ўстаноўкі двух аперацыйных сістэм на мабільныя прылады з аперацыйнай сістэмай Android існуе ўжо працяглы час. Напрыклад, можна ўспомніць, што нядаўна Canonical выпусціла праграмны інструмент, які дазваляе ўсталяваць Ubuntu Linux на планшэт Google Nexus 7 у рэжыме двайной загрузкі. Хаця выкарыстанне Ubuntu Nexus 7 installer пакуль нельга назваць лёгкім і бяспечным.

Ёсць яшчэ, напрыклад, праект пад назвай Linux Deploy, які таксама прызначаны для простай і хуткай устаноўкі аперацыйнай сістэмы GNU/Linux на прыладу з АС Android. Гэта прыкладанне з адкрытым зыходным кодам распрацоўваецца расійскімі праграмістамі. На мінулым тыдні як раз адбылося абнаўленне гэтай праграмы, якая мае сваю старонку на Google Play.

Прыкладанне Linux Deploy стварае вобраз дыска на флэш-карце мабільнай прылады, мантуе яго і ўстанаўлівае туды дыстрыбутыў аперацыйнай сістэмы. Прыкладанні з новай сістэмы запускаюцца ў асяроддзі chroot паралельна са штатнай працай асноўнай платформы Android. Усе змены на прыладзе зварачальныя.Гэта значыць прыкладанне і створаныя ім кампаненты можна цалкам выдаліць. Усталёўка дыстрыбутыва АС ажыццяўляецца з афіцыйных рэпазітараў у Інтэрнэце. Доступ да Linux-сістэмы ажыццяўляецца праз SSH, VNC або X Window System. Напрыклад, падтрымліваецца працоўны стол LXDE.

Але Linux Deploy - гэта чысты just for funs, які ствараецца энтузіястамі. Аднак з'яўляюцца спробы выпусціць мабільныя прылады, дзе рэжым дуалбута ўжо першапачаткова закладваецца як стандартны - што называецца, "са скрынкі".

Напрыклад, нядаўна незалежнымі распрацоўшчыкамі прадстаўлены прататып такога планшэта з назвай PengPod з магчымасцю двайной загрузкі адной з Linux-сістэм, ўжо устаноўленых ва ўнутранай памяці прылады. Планшэт адрознівае магутная начынне і нізкая цана. Распрацоўнікам засталося для выпуску паспрабаваць сабраць праз краўдфандынг неабходную суму.


Зараджэнне праграмы ZebraTrace

Наогул цікава прысутнічаць пры зараджэнні якога-небудзь вольнага праекта і назіраць, як спачатку на форуме з'яўляецца ідэя, потым адбываецца абмеркаванне, з'яўляюцца першыя скрыпты, а потым - і першы прататып праграмы. Вось так у пачатку мінулага тыдня з'явіўся першы працоўны прататып праграмы ZebraTrace, прызначанай для ўсіх тых, хто працуе з графікай і рознымі відамі творчай гравіроўкі, а таксама і для іншых пакутнікаў дызайну. Праграма створана заўсёднікамі расійскага партала Linuxgraphics.ru.

ZebraTrace - гэта просты інструмент для ператварэння растравых малюнкаў у шаблон крывых са зменнай шырынёй. Ці, іншымі словамі, прыкладанне ператварае растравы малюнак у гільёш-шаблон ў фармаце вектарнай графікі.

Згодна "Вікіпедыі", гільёш - гэта арнамент з дэкаратыўных хвалістых ліній, якія пераплятаюцца паміж сабой адмысловым чынам. У паліграфіі гільёшавую тэхніку ўжываюць для нанясення ахоўных сетак на дакументы або грашовыя купюры. Раней выкарыстоўвалі спецыяльныя гільяшырныя машыны, а цяпер - праграмы.

ZebraTrace асноўную працу па стварэнні гільёш-шаблонаў ўжо выконвае, хоць праграме, натуральна, трэба будзе далейшае ўдасканаленне. Галоўнае, пры працы з праграмай толькі не забываць, што падробка каштоўных папер пераследуецца па закону.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!