Навіны вольнага ПЗ

З выхадам абнаўлення Jelly Bean для чацвёртай галіны Android звернем увагу на рэальны статус гэтай мабільнай АС. Супольнасць можна павіншаваць і з выхадам з эксперыментальнага стану галоўнага загрузніка ў свеце Linux GRUB 2. І адзначым на прыкладзе Firefox 14 для Android тэндэнцыю пераносу паўнавартасных дэсктопных браўзэраў у мабільны свет.


Працоўны конік Android

Кампанія Google афіцыйна прадставіла абнаўленне Jelly Bean для чацвёртай галіны мабільнай аперацыйнай сістэмы Android. Зараз гэтая мабільная АС, заснаваная на ядры Linux і тэхналогіях Java, і што прэтэндуе на званне адкрытай, мае бягучую версію пад нумарам 4.1.

Кардынальных змен у Jelly Bean не прадстаўлена. Затое гэты выпуск у першую чаргу прымушае да падвядзення некаторых вынікаў развіцця сістэмы Android.

АС Android даўно з'яўляецца лідэрам сярод мабільных платформаў. Паводле статыстыкі колькасць актываваных прылад на базе платформы Android перавысіла адзнаку ў 400 мільёнаў.

І ў гэтым годзе акрамя смартфонаў і планшэтаў намеціўся яшчэ адзін сектар прылад, які ў далейшым пры спрыяльных абставінах можа стаць яшчэ адным фактарам павелічэння колькасці устаноўленых версій "Андроіда". Гэта мінікампутары, пачатак якім паклаў мінікампутар Raspberry Pi. Назіраючы за гэтымі мікраПК, можна ўжо канстатаваць, што Android стане адным з асноўных кампанентаў гэтых прылад. Большая частка цяперашніх мінікампутараў прапануецца менавіта з устаноўленым "Андроід".

Таксама Google паспяхова адбіла патэнтавы напад з боку Oracle на ўнутраную інфраструктуру Android, звязаную з тэхналогіямі Java. Адкрытасць гэтых тэхналогій на ўзроўні API "карпарацыі дабра" атрымалася пацвердзіць падчас нядаўніх судовых пасяджэнняў, пра якія мы падрабязна распавядалі на новым сайце "КВ".

Хоць пагрозы з боку асобных патэнтаў па-ранейшаму існуюць. Так ці ледзь не пад час прэзентацыі Jelly Bean карпарацыя Apple дамаглася ў судзе забароны тэлефона Galaxy Nexus за парушэнне патэнтаў на некаторыя прыёмы апрацоўкі тэлефонных нумароў і адрасоў e-mail, прыём пошуку дадзеных у некалькіх крыніцах, разблакаванне рухам і прадказанне слоў пры наборы на экраннай клавіятуры.

З аднаго боку гэта моцная перашкода распаўсюджванню гуглафонаў. Аднак з іншага боку падобныя патэнты носяць агульны характар і з'яўляюцца больш праблемай самой патэнтнай сістэмы, чым непасрэдна платформы Android. Гэта значыць, што гэтыя патэнты могуць быць ужытыя і да іншых мабільных сістэм. Таму ў большай ступені дадзены інцыдэнт з Galaxy Nexus дэманструе асаблівасці патэнтнай ідэалогіі, а не слабасць платформы Android.

Што ж тычыцца навін Jelly Bean, то распрацоўшчыкі вялікую ўвагу надалі працы карыстацкага інтэрфейсу. Зараз абнаўленне экрана працуе ў адзіным рытме з вертыкальнай сінхранізацыяй ў 16 мілісекунд, што дасць магчымасць на некаторых прыладах забяспечыць абнаўленне зместу экрана з частатой 60 кадраў у секунду.

Шмат нададзена ўвагі працы такой фірмовай фішкі карыстацкага інтэрфейсу Android, як віджэты. Цяпер яны пры даданні на экран могуць самастойна змяняць памер, адпаведна з іншым віджэтамі. Яшчэ адно новаўвядзенне - розныя віджэты для партрэтнай і альбомнай арыентацыі экрана.

У платформу інтэгравана прыкладанне Google Now, што аўтаматызуе збор і апрацоўку інфармацыі, звязанай з асабістымі перавагамі карыстача. З аднаго боку гэта добра. З іншага - Google Now падобны на робата, што у аўтаматычным рэжыме збірае асабістае дасье на канкрэтнага чалавека. Па мне, так лепш бы была магчымасць цалкам выдаляць гэтую тэхналогію па жаданні карыстача.

З'явілася магчымасць лёгка абмяняцца фатаграфіямі, спасылкамі, кантактамі, прыкладаннямі і відэаролікамі з побач размешчанымі Android-прыладамі, якія падтрымліваюць NFC. Дастаткова наблізіць апараты адзін да аднаго, і перацягнуць пальцам патрэбны аб'ект.

Можна адзначыць таксама галасавы ўвод у offline-рэжыме, патройны рэжым буферызацыі графікі для болльш плыўнай анімацыі, падтрымку USB-аўдыёпрылад.

Ёсць не толькі тэхналагічныя, але і арганізацыйныя навіны. Цяпер Platform Developer Kit (PDK) для вытворцаў смартфонаў будзе выпускацца за 2-3 месяцы да выхаду новай версіі Android. Гэта дасць магчымасць больш аператыўна выпускаць абнаўлення сістэмы і новыя мадэлі прылад.

Такім чынам, можна канстатаваць, што Android, хоць і не з'яўляецца дасканаласцю, у тым ліку і адносна ідэалаў адкрытага кода і прыватнасці, аднак на дадзены момант сярод мабільных платформаў стаў галоўным "працоўным конікам", здольным пацягнуць і вялікую колькасць разнастайных прылад, і спраўляцца з вялікай колькасцю прыкладных задач.


Firefox Mobile

Дадаткова да навіны аб Android можна пазначыць з'яўленне новай мадыфікацыі мабільнага браўзэра Firefox для гэтай платформы. На мінулым тыдні была выпушчаная версія Firefox 14 для Android.

Спачатку было нават жаданне зрабіць для гэтай версіі мабільнага "Палымянага ліса" асобны матэрыял. Бо выхад гэтай версіі мабільнага вэб-аглядальніка, як і Chrome Android і Opera Mobile, ўвасабляе тэндэнцыю перамяшчэння паўнавартасных дэсктопных прыкладанняў на мабільныя прылады.

Да таго ж у новай версіі гэтага мабільнага браўзэра выкарыстаны стандартныя сродкі пабудовы інтэрфейсу платформы Android, замест спроб выкарыстоўваць уласную мову карыстацкага інтэрфейсу XUL. У выніку пераходу на стандартны інтэрфейс Android істотна павялічылася прадукцыйнасць браўзэра, што тут жа адзначылі карыстальнікі на старонцы праекту Google Play. А па заяве распрацоўнікаў, мабільная версія Firefox прыкладна ў два разы хутчэй штатнага браўзэра для платформы Android.

Аднак казаць аб тым, што Firefox для Android з'яўляецца рэалізацыяй ідэі пераносу паўнавартаснага "Палымянага ліса" на мабільныя прылады яшчэ рана. Вядома, тут выкарыстоўваецца web-рухавічок Mozilla Gecko з версіі Firefox 14 для настольных сістэм. Але пры гэтым у Firefox для Android адсутнічаюць некаторыя функцыі, як, напрыклад, вылучэнне тэксту, пошук па старонцы, пра што таксама заяўляюць карыстальнікі на Google Play. Адсутнасць такіх функцый ўсё ж не дае пакуль падставаў для размовы аб тым, што на Android з'явіўся паўнавартасны Firefox.


GNU GRUB 2

І абавязкова трэба напісаць пра выхад загрузніка GNU GRUB 2.00. Практычна цяпер гэта стандарт дэ-факта сярод Linux-дыстрыбутываў. Хоць я яшчэ памятаю часы дамініравання LILO.

Загрузнік - гэта першая праграма, якая загружаецца пры старце кампутара, пасля ініцыялізацыі апаратуры BIOS. Яна адказвае за загрузку і перадачу кіравання ядру аперацыйнай сістэмы.

У 1999 годзе быў прадстаўлены праект GNU GRUB - Grand Unified Bootloader. І гэты загрузнік нездарма носіць тытул Grand. Ён валодае вельмі вялікімі магчымасцямі:

  • Прымае практычна ўсе фарматы выканальных файлаў;
  • Забяспечвае загрузку ядраў, сумяшчальных са спецыфікацыяй Multiboot;
  • Падтрымлівае "ланцужковы" механізм для АС і загрузнікаў, не сумяшчальных са спецыфікацыяй Multiboot;
  • Падтрымлівае загружаныя модулі;
  • Падтрымлівае рэдагуемыя тэкставыя канфігурацыйныя файлы;
  • Падтрымлівае файлавыя сістэмы NTFS, ISO, UFS, UFS2, FFS, FAT16, FAT32, Minix, ext2/ext3/ext4, ReiserFS, JFS і XFS;
  • Забяспечвае аўтаматычную дэкампрэсію gzip-файлаў;
  • Падтрымлівае сеткавую загрузку па TFTP-пратаколу;
  • І многае іншае.

Да таго ж GRUB мае меню-арыентаваны і гнуткі камандны інтэрфейсы.

Восем гадоў таму пачалося развіццё новай версіі GRUB 2. Распрацоўнікі пісалі GRUB 2 "з нуля", каб дамагчыся пераноснасці і модульнасці.

Папярэднія версіі GRUB 2.00 мелі нумар 1.9х. І па сутнасці GRUB 2.00 з'яўляецца абнаўленнем версіі 1.99, якая, нягледзячы на фармальны статус эксперыментальнай, ужо даўно і актыўна выкарыстоўваецца ў дыстрыбутывах.

Спіс новаўвядзенняў GRUB 2 вельмі вялікі. Абмяжуемся кароткім пералікам асноўных навінак.

З'явілася афіцыйная тэма для графічнага загрузнага меню gfxmenu. Само меню дапоўнена магчымасцю стварэння падменю.

Уключаны сеткавы стэк для сістэм ініцыялізацыі BIOS, IEEE 1275, EMU і EFI, які ўключае падтрымку TFTP, HTTP і DNS. Забяспечана падтрымка пашырэння BIOS VBE для coreboot (LinuxBIOS).

Падтрымліваюцца працэсарныя архітэктуры Itanium, ARCS (SGI mips), кітайскія MIPS-працэсары Loongson, QEMU для архітэктуры MIPS.

Дададзена каманда grub-mount для мантавання файлавых сістэм пры дапамозе драйвераў GRUB FS і модуляў FUSE;

Абноўленыя драйвера для інтэрфейсаў падлучэння назапашвальнікаў дадзеных EHCI і AHCI, кантралёраў ESCC serial, EFI serial.

Ажыццёўлена падтрымка файлавых сістэм ExFAT, Minix3fs, Big-endian minixfs, RomFS і Squash4. Таксама цяпер падтрымліваюцца табліцы падзелаў і дыскавых фарматаў DVH, Plan9, Big-endian mdraid, cpio, LUKS, GELI, LDM, LZOP. Забяспечана магчымасць працы з дыскамі з памерам блокаў выдатных ад 512B.

Забяспечана праца пратаколаў загрузкі для Darwin 11 (Mac OS X Lion), Plan9 і FreeDOS.

І многае іншае рэалізавана ў версіі GRUB 2.00. Хіба што вэб-браўзэр пакуль не ўкаранілі, для поўнай адпаведнасці GRUB тытулу галоўнага загрузніка ў свеце UNIX-сістэм.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!