Навінкі вольнага софту

Ў цэнтры ўвагі сённяшняга агляду браўзар Otter Browser, у якім робіцца спроба вярнуць вэб-аглядальнікам свабоду і ўсё добрае, што было ў браўзары Opera. Таксама пазнаёмімся з тэкставым рэдактарам для лірыкаў FocusWriter, і асяроддзем распрацоўкі музыкі CsoundQt.

Otter Browser

На мінулым тыдні адбылася непрыемная гісторыя з кампаніяй Mozilla. Пад ціскам актывістаў ЛГБТ-супольнасці «сышоў з паста» нядаўна прызначаны выканаўчым дырэктарам гэтай карпарацыі вядомы вэб-распрацоўнік Брэндан Айк у сувязі з яго альтэрнатыўнай грамадзянскай пазіцыяй па пытаннях шлюбу і сям’і. Быў арганізаваны байкот браўзара Firefox на некаторых буйных сайтах, і ў кіраўніцтве кампаніі вырашылі не губляць карыстачоў ЛГБТ, пагадзіўшыся на іх ультыматумы. Праўда, у Mozilla не ўлічылі, што ў гэтай «барацьбе» іншая частка карыстачоў Firefox, якая ў грамадзянскім стаўленні на баку Айка, таксама зараз можа сысці з Firefox.

Тым больш што існуючы выбар браўзараў гэта дазваляе зрабіць. І гаворка ідзе не толькі пра вэб-аглядальнікі Chrome, Opera, Safari, Internet Explorer. Да іх таксама маецца нямала прэтэнзій і ў плане прыватнасці дадзеных, і датычна падтрымкі фарматаў і стандартаў, і па шматлікіх іншых пытаннях. Даўно маецца нямала прастых і легкаважных аглядальнікаў, як Rekonq, Midori, Epiphany, якія таксама чакаюць да сябе ўвагі.

Мала таго распрацавана ўжо вялікая колькасць праграмных кампанентаў, якія дазваляюць праграмісту як з канструктара LEGO стварыць свой уласны немудрагелісты браўзар. Адных open source вэб-рухавічкоў, прычым якасных, існуе некалькі штук. Пытанне толькі ў толькі тым, навошта гэта трэба?

Напрыклад, ужо некалькі месяцаў існуе падобны праект распрацоўкі менавіта такога самаробнага браўзара, які завецца Otter Browser. Яго збірае з гатовых кампанентаў праграміст-адзіночка ў суседняй з намі Польшчы.

Праект, нягледзячы на ардынарнасць, прыцягнуў да сябе ўвагу. Па-першае, таму, што мэтай стварэння новага праекта з’яўляецца не толькі ідэя «Just For Fun», але і ідэя атрымаць браўзар, які цалкам кантралюецца карыстачом, а не наадварот, а таксама з вялікімі магчымасцямі кастамізацыі. А гэта ідэя падабаецца шмат каму.

Па-другое, у якасці ідэалу, да якога варта імкнуцца, у праекце абраны браўзар Opera 12. Хоць пры гэтым, вядома, аўтар падкрэслівае, што гэта не 100% паўтор Opera, а хутчэй узор для натхнення.

Браўзар развіваецца як модульная сістэма, якая дазваляе замяняць не толькі рухавічкі, але і іншыя кампаненты, як мэнэджар ці паштовы кліент. Гэта значыць, што тут кастамізацыя нават болей вялікая, чым сістэма пашырэнняў.

Праца пачалася некалькі месяцаў назад, і на дадзены момант праект знаходзіцца ў стане пачатковай альфа-версіі. Таму гаворка пра надзейную і стабільную працу гэтага прыкладання яшчэ не ідзе. Аўтар распрацоўвае вэб-аглядальнік у першую чаргу для сістэмы Kubuntu. Але ёсць і гатовыя зборкі для Windows, якія, паўтаруся, працуюць пакуль вельмі нестабільна.

Напісаны Otter Browser з выкарыстаннем фрэймворка Qt5 і HTML-рухавічка QtWebKit. У перспектыве плануецца выбар рухавічка QtWebEngine (Blink) і нават магчымасць пераключэння на Gecko.

Цяпер браўзар падтрымлівае табы, закладкі, гісторыю. На ніжняй панэлі маецца паўзунок маштабавання, як у старой добрай «Оперы». Працуюць усе фішкі WebKit, у тым ліку і праца з Adobe Flash, Web Inspector. Хоць шрыфты выкарыстоўваюцца па змаўчанні стандартныя Deja Vu, што не самы лепшы варыянт для кірыліцы, але гэта можна выправіць у наладах. Маюцца і мініяцюры ўкладак пры навядзенні на іх курсара мышы.

Ёсць ужо і невялікія сціплыя магчымасці па кастамізацыі. Можна, напрыклад, змяняць User Agent адным клікам, што дазваляе маскіравацца на розных «палітычных» сайтах, што не падтрымліваюць той ці іншы браўзар, як гэта адбылося ў выпадку Firefox. Адным клікам можна замяніць пошукавы сэрвіс.

У бліжэйшых альфа-версіях плануецца зрабіць аналог SpeedDial, наладу проксі, наладу асобных сайтаў, мэнэджар пароляў, паштовы- і RSS-кліенты, адкладзеную загрузку Flash-аб’ектаў, блакаванне зместу, праверку арфаграфіі, прыватныя ўкладкі.

Калі гэта атрымаецца рэалізаваць, тое застанецца праца над стабільнасцю праграмы. Але нават калі гэты праект і спыніцца ў развіцці, то ўсё адно, упэўнены, ідэі, у ім закладзеныя, ужо не загінуць. Абавязкова знойдуцца тыя, хто працягнуць стварэнне вэб-аглядальніка, падобнага на старую «Оперу», і які «кантралюецца карыстачом, а не наадварот».

FocusWriter

Існуе вельмі шмат розных рэдактараў тэксту. Але ўсіх іх аб’ядноўвае тое, што яны напісаны праграмістамі для праграмістаў. Адгэтуль наяўнасць у гэтых нават простых рэдактарах мноства функцый накшталт падсвятлення кода, фолдынга і таму падобнаму, неабходнаму пры напісанні праграм.

Аднак ёсць і тэкставыя рэдактары, прызначаныя для стваральнікаў чыстага кантэнту — пісьменнікаў, паэтаў і іншых лірыкаў. Адрозненнем такіх рэдактараў з’яўляецца тое, што ў іх усе праграмісцкія фішкі выдалены, і засталося толькі тое, што трэба для складання класічных тэкстаў. Прыкладам такога рэдактара з’яўляецца FocusWriter.

Рэдактар FocusWriter — гэта тэкставы рэдактар, пабудаваны на прынцыпах мінімалізму. Ён спрабуе даць магчымасць засяродзіцца менавіта на складанні тэксту, не марнуючы час на асваенне дзясяткаў непатрэбных функцый і шмат’ярусных меню. Аўтары праграмы, відавочна, жадалі наблізіцца да прастаты пішучай машынкі, не забыўшыся і пра выгоды кампутарных тэхналогій.

Візуальная асаблівасць FocusWriter у тым, што акно праграмы запускаецца ў поўнаэкранным рэжыме, як звычайны чысты ліст паперы, без панэляў прылад і меню. Калі меню спатрэбіцца, то яго можна выклікаць, накіраваўшы паказальнік мышы да верхняга краю экрана. Такім жа чынам ў ніжняй частцы акна адкрыецца панэль статыстыкі тэксту. Згарнуць акно праграмы можна праз спалучэнне клавіш Ctrl+M. У наладах праграмы можна задаць і аконны візуальны рэжым.

Праграма мае магчымасць факусоўкі, калі адмыслова падсвятляецца кавалак тэксту, над якім вядзецца праца. Факусаваць можна радок, некалькі радкоў ці абзац.

З дапамогай загадзя ўсталяванага набору знакаў можна разбіваць увесь тэкст на сцэны.

Можна наладзіць вонкавы выгляд праграмы з дапамогай візуальных тэм. Маецца магчымасць стварыць тэмы, вар’іруючы розныя фонавыя малюнкі, колеры, шрыфты, інтэрвалы і іншыя налады.

Ёсць, можна сказаць, і гукавая тэма. Рэтраграды, якія памятаюць як гучалі друкаваныя машынкі, могуць уключыць гукі «ундэрвудаў» пры наборы тэксту, аж да гуку звароту карэткі.

Можна складаць сабе дзённы план пісьмовай працы. Праграма дазваляе планаваць як час працы, так і задаць вызначаны план па колькасці слоў.

Яшчэ адна зручная магчымасць — гэта ўбудаваны ў прыкладанне таймер, які выклікаецца з усплывальнай панэлі ў правым ніжнім куце. Праца таймера магчыма ў двух рэжымах — інтэрвальным і як звычайны будзільнік.

FocusWriter падтрымлівае базавае фарматаванне — тоўсты шрыфт, курсіў, рознае выраўноўванне і кірунак тэксту. Практычна ўсе дзеянні могуць выконвацца з дапамогай гарачых клавіш. Фарматы захавання тэксту — ODT, RTF, TXT. Маецца падтрымка праверкі арфаграфіі праз падлучэнне слоўнікаў OpenOffice ці LibreOffice.

З непрыемных момантаў можна адзначыць неадпаведнасць паводзін інтэрфейсу праграмы паводзінам некаторых графічных інтэрфейсаў — напрыклад, GNOME 3. І наогул у Linux наладзе FocusWriter прыйдзецца надаць больш увагі, чым у Windows.

Памер праграмы невялікі — каля дзесяці мегабайт у архіве. Праграма не патрабуе ўсталёўкі і працуе нават з флэшкі. FocusWriter мае версіі для Windows, Linux і Mac OS. Умовы распаўсюду кода праграмы — GPL. Бягучая версія — FocusWriter 1.4.5.

CsoundQt

А вось рэдактар кампутарнай музыкі Csound — гэта практычна канцэптуальная супрацьлегласць FocusWriter. Што да рэдактараў для складання музычных партытур, то ўсё праграмы падобнага тыпу імкнуцца паўтарыць традыцыйную нотную паперу з традыцыйнымі нотамі. А вось каб складаць музыку, запісваючы яе як кампутарную праграму, існуе хіба што музычная мова праграмавання Csound.

Csound прызначаны для генерацыі гуку і мае больш 400 аперацыйных кодаў, якія гукавы дызайнер выкарыстоўвае для стварэння музыкі. У Csound складанасць гукавога кантэнту абмежавана толькі ведамі яго аўтара, але ніяк самой мовай.

Гук у Csound ствараецца шляхам кампілявання адмысловых тэкставых зыходнікаў. Гэта файл з пашырэннем orc (аркестр), што утрымоўвае «музычныя прылады» і файл з пашырэннем sco (партытура), што утрымоўвае «партыі». Гэта значыць для стварэння гуку ў Csound досыць і звычайнага тэкставага праграмісцкага рэдактара. Тым не менш, асяроддзе распрацоўкі з графічным інтэрфейсам тут лішнім не будзе.

CsoundQt — графічны фронтэнд і IDE да Csound. Праграма ўтрымоўвае неабходныя віджэты для напісання «партытур» — гэта галоўнае акно з падсвятленнем сінтаксісу Csound і дапаможныя віджэты для кіравання рэсурсамі праекта. Таксама CsoundQt утрымоўвае розныя прылады для кампіляцыі і праслухоўвання музыкі, а таксама прылады для працы з дакументацыяй.

У CsoundQt уваходзіць набор навучалых прыкладаў на ангельскай мове.

Асяроддзе CsoundQt створана для сістэм Linux і Mac OS. Стабільную версію для Linux можна знайсці ў рэпазітарах дыстрыбутываў. А для Mac OS можна запампаваць гатовыя штодзённыя зборкі з афіцыйнай старонкі праграмы. Стабільная версія гэтага рэдактара — CsoundQt 0.8.2.

Міхаіл Астапчык

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!