Навінкі вольнага софту

Ў гэтым аглядзе навінак ВПЗ паспрабуем параўнаць мадэрнісцкія інтэрфейсы GNOME Shell 3 і Metro Windows 8 і высвятлім, што ў іх шмат агульнага. Таксама разгледзім праграму для атрымання інфармацыі пра файлы, якая належыць да старога кансольнага тыпу прыкладанняў. А ў канцы агляду зробім невялікі лірычны адступ на тэму гульнявых тэлепрыставак.


GNOME у эпоху Metro

На мінулым тыдні па графіку выйшла чарговае абнаўленне графічнай абалонкі GNOME 3.10 для сістэм Linux. Для большасці карыстачоў дадзенага графічнага асяроддзя гэта пакуль анонс, бо не ўсе змогуць адразу ж запампаваць і ўсталяваць гэту новую версію "Гнома". Хоць ёсць, напрыклад, ppa-рэпазітар з новым GNOME для Ubuntu 13.10, але тут магчымы розныя праблемы, бо Ubuntu Saucy Salamander разлічана на працу з GNOME 3.8.

Графічнаму асяроддзю GNOME 3 мы надавалі шмат увагі ў нашых аглядах. Гэта адзін з важных праектаў, які з'яўляецца лабараторый адкрытага ПЗ, і тэхналогіі якога таксама выкарыстоўваюцца ў іншых распрацоўках, як, напрыклад, у Ubuntu Unity і Mint Cinnamon. Пры гэтым трэцяя версія "Гнома" выклікала вельмі шумныя дыскусіі, эмацыйны ўзровень якіх, праўда, ужо значна зменшыўся. І нават Лінус Торвальдс, які спачатку зваў GNOME 3 "ганебнай бязладзіцай", з цягам часу змяніў сваё меркаванне на больш пазітыўнае.

Чамусьці GNOME 3 часта параўноўваюць з ChromeOS. Хоць, на мой погляд, правільней параўнаць GNOME Shell з інтэрфейсам Metro Windows 8. Я нядаўна як раз набыў наўтбук з прадусталяванай "васьмёркай", і ўпэўнена магу сказаць, што GNOME 3 і Metro Windows падобныя па шматлікіх параметрах. Пры гэтым нельга сказаць, што GNOME 3 скапіяваў штосьці з "фортачак" ці наадварот. Гаворка ідзе пра агульныя ідэалагічныя ўсталёўкі, у аснове таго і іншага інтэрфейсу. Паспрабую іх пералічыць.

І GNOME Shell, і Metro Windows кардынальна адмовіліся ад папярэдняй класічнай арганізацыі карыстацкага інтэрфейсу сістэмы. Нават распрацоўнікі KDE 4 і будучай абалонкі KDE 5 не рызыкнулі так моцна змяніць канцэпцыю традыцыйнага карыстацкага інтэрфейсу. Прычым Windows 8 - гэта значна больш рэвалюцыйны сыход ад класікі, чым GNOME Shell, дзе хоць бы сістэмны трэй пакінулі.

І GNOME Shell 3, і Metro Windows 8 зыходзяць з факту бурнага развіцця мабільных прылад. І ўсе змены таго і іншага інтэрфейсу ствараліся і будуць у далейшым стварацца зыходзячы з мабільнай кан'юнктуры. Праўда, забаўна, што, нягледзячы на мабільную арыентаванасць, GNOME 3 наогул ніяк на мабільным рынку не адзначылася, а поспехі Windows Phone маглі б быць значна вагавіцей, чым ёсць цяпер.

У першую чаргу, абодва інтэрфейсу адмовіліся ад сістэмнага структураванага меню прыкладанняў, якое замянілі "пліткі" Metro і буйныя значкі праграм у панэлі прыкладанняў GNOME Shell. У выніку, ў тым жа GNOME зараз зручней запускаць прыкладанні не мышшу, а пасродкам сістэмнага пошуку і спецыяльных камбінацый клавіш клавіятуры.

Дзеля мабільнасці вокны прыкладанняў пазбавіліся некаторых кнопак кіравання, і, такім чынам, узрасла роля жэстаў пры маніпуляцыях з вокнамі праграм. Напрыклад, і ў GNOME Shell, і ў Metro Windows, каб мінімізаваць, зачыняць вокны, трэба адмысловым спосабам цягаць іх мышшу па экране, што патрабуе ад карыстача некаторага спрыту.

Адпаведна і ў тым, і ў іншым выпадку рэзка ўзрастае неабходнасць для карыстачоў спецыяльных праграмных "мыліц", якія дапамаглі б ім вярнуць у GNOME Shell і Metro Windows шматлікія звыклыя рэчы з класічнага інтэрфейсу - напрыклад, хоць бы кнопку галоўнага сістэмнага меню. Трэба сказаць, у GNOME Shell першапачаткова існуе механізм пашырэнняў, як у браўзары Firefox, Chrome, Opera, які дазваляе атрымаць у сістэме дадатковую функцыянальнасць. Для GNOME Shell у Сетцы маецца спецыяльны рэпазітар дадаткаў, якія можна ўсталёўваць у абалонку прама з браўзара. На дадзены момант пашырэнняў створана столькі, што іх цалкам хапае, каб задаволіць хаця б Лінуса Торвальдса. Пры гэтым, вядома ж, у любой сістэме пашырэнняў ёсць і зваротны бок - зніжэнне прадукцыйнасці і несумяшчальнасць дадаткаў ад версіі да версіі.

Што ж дакранаецца Metro Windows, то тут уся пашыральнасць аддадзена на водкуп самім карыстачам. Напрыклад, на маім наўтбуку кампанія-вытворца ASUS спецыяльна даўкамплектавала Windows 8 сваёй уласнай абалонкай, якая імітуе класічны інтэрфейс. Але выглядае гэта вельмі нязграбна. У мяне хапіла сіл пратрымацца на Windows 8 не больш тыдня, пасля чаго я выдаліў бы "васьмёрку", калі б, як кажуць, "жаба не задушыла" - пакінуў для далейшых эксперыментаў. А вось у GNOME 3, калі прыйдзецца, я магу ўжо спакойна без вялікіх пакутаў працаваць. І гэта, напэўна, галоўнае дасягненне праекта да выпуску версіі GNOME 3.10.

Што ж датычыцца навінак GNOME 3.10, то праект дасягнуў таго ўзроўня развіцця, калі не варта чакаць нейкіх зусім ужо арыгінальных новаўвядзенняў. І хоць новая версія "Гнома" зараз падтрымлівае графічны сервер Wayland, аднак казаць пра практычную карысць гэтай падтрымкі ці наўрад можна раней вясны наступнага года. Значна важней у новых версіях GNOME праца над памылкамі і павелічэнне прадукцыйнасці абалонкі. Бо, на жаль, GNOME 3 не з'яўляецца хуткім працоўным асяроддзем нават у параўнанні з Ubuntu Unity, што ў часы, калі Linux названы гульнявой сістэмай будучыні, не ёсць добра.


Ідэнтыфікацыя файлаў з file

Мадэрнізмы сістэмы GNOME 3 лагічна ўраўнаважыць навінай пра якое-небудзь прыкладанне ў артадаксальным стылі класічнага UNIX-way. Прыкладам такой класічнай праграмы можна назваць утыліту file. Гэта стандартная, кансольная, невялікая і магутная ўтыліта, якая ўваходзіць у склад любой UNIX-сістэмы яшчэ, напэўна, з часоў PDP-11. Цяпер маюцца варыянты ў тым ліку і для OS/2, DOS, MS Windows. Праграма ўвесь час абнаўляецца, і актуальная версія за верасень месяц - file 5.15

File - утыліта для ідэнтыфікацыі файлаў. Звычайна для ідэнтыфікацыі змесціва файла выкарыстоўваюцца сістэма пашырэнняў імёнаў - напрыклад, txt, doc, exe, pdf і г.д. Аднак не заўсёды варта давяраць пашырэнням - яны могуць адсутнічаць ці быць невядомымі карыстачу. У гэтых выпадках тып змесціва файла можна ўбачыць пры дапамозе каманды

$ file назва_файла

Можна выкарыстоўваць ключы: -f - ключ пакетнага рэжыму працы, пры якім утыліта прымае спіс імёнаў файлаў з зададзенага файла. Ключ -z выкарыстоўваецца для аналізу файлаў у архіве.

Ніжэй некалькі прыкладаў вываду працы гэтай утыліты. Як відаць, больш за ўсё падрабязнасцяў утыліта ведае пра файлы сістэмы Windows.

$ file fxmm_6.3.tar.bz2

fxmm_6.3.tar.bz2: bzip2 compressed data, block size = 900k

$ file DinamoMinsk1983.mp4

DinamoMinsk1983.mp4: ISO Media, MPEG v4 system, version 2

$ file Radeon_RAMDisk_4_2_1_RC0.msi

Radeon_RAMDisk_4_2_1_RC0.msi: Composite Document File V2 Document, Little Endian, Os: Windows, Version 6.1, Code page: 1252, Title: Installation Database, Subject: Windows RAMDisk Software, Author: Dataram, Inc., Keywords: Windows RAM Disk, Comments: RAMDisk is a Windows utility that emulates the functionality of a hard disk using system RAM., Template: Intel;1033, Revision Number: {3E34A9DB-940E-485D-A3C5-189217F6BA6F}, Create Time/Date: Tue Jul 16 14:53:26 2013, Last Saved Time/Date: Tue Jul 16 14:53:26 2013, Number of Pages: 200, Number of Words: 2, Name of Creating Application: Windows Installer XML (3.7.1224.0), Security: 2


Што наша жыццё? - Гульня!

Сіламі галавы кампаніі Valve Гейба Ньюэла вольнае праграмнае забеспячэнне зараз будзе актыўна выкарыстоўвацца ў гульнявых тэлепрыстаўках новага пакалення. Анансаваная на мінулым тыдні гульнявая аперацыйная сістэма SteamOS, заснаваная на ядры Linux, будзе пастаўляцца не толькі з гульнявымі кансолямі Valve, але і асобна для самастойнай усталёўкі.

Але SteamOS - гэта справа хоць і найблізкага, але ўсёткі будучага гульнявых кансоляў. А вольнае ПЗ мае выдатную гісторыю і ў стаўленні мінулых пакаленняў гульнявых тэлепрыставак: вялікая частка эмулятараў папулярных кансоляў з'яўляюцца праектамі з адкрытым зыходным кодам.

Некалькі дзён таму выйшла чацвёртая версія Dolphin - эмулятара з адкрытым кодам на аснове ліцэнзіі GPL для кансоляў Nintendo Wii і GameCube. Код эмулятара быў адкрыты некалькі гадоў таму, у выніку чаго да распрацоўкі далучылася нямала праграмістаў, і на дадзены момант на Dolphin можна гуляць у шматлікія камерцыйныя гульні Wii і GameCube.

Напрыклад, для GameCube маецца некалькі версій серыі Resident Evil, якіх няма для персанальных кампутараў, ці якія, як Resident Evil 4, на "кубіку" выглядаюць значна лепш, чым версія для PC. Па гэтай нагодзе хацелася б зрабіць лірычны адступ і нават правесці гістарычную паралель з сённяшнім днём.

Прыстаўка Nintendo GameCube належыць да так званага шостага пакалення гульнявых кансоляў нароўні з Sega Dreamcast, Sony PlayStation 2 і Microsoft Xbox. Адрозненнем гэтага пакалення прыставак пачатку 21-го стагоддзя стала палепшаная графіка, якая пераўзыходзіла не толькі папярэдняе пакаленне прыставак, але - і ўзровень графічных падсістэм большасці персаналак таго часу.

Гэта прывяло да змены ў ідэалогіі кампутарных гульняў, якія сталі імкнуцца да галівудскай кінематаграфічнасці. Напрыклад, гульнявыя сцэны ў новых версіях Final Fantasy візуальна сталі практычна аднолькавымі па якасці з загадзя зробленымі відэаролікамі ў гэтай гульні. Распрацоўнікі ў гульнях захапіліся рознымі візуальнымі спецэфектамі - святлацені, смуга, новыя дынамічныя ракурсы камеры і да т.п.

Але, з іншага боку, гульні шостага пакалення прыставак страцілі штосьці важнае для шматлікіх геймераў у геймплэі і атмасфернасці. Можна сказаць, што з шостым пакаленнем кансоляў завяршылася эпоха класіцызму ў кампутарных гульнях, і, напрыклад, геймплэй і атмасфернасць Final Fantasy 7 больш ніколі не паўторацца ні ў адной сучаснай гульні. Тут можна нават павесці аналогію з пакаленнем сучасных графічных абалонак Linux GNOME 3 і Metro Windows, якія таксама завяршаюць эпоху класіцызму сістэмных карыстацкіх інтэрфейсаў, што для шмат каго нагода не для радасці, а для суму і смутку.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!