Асноўная тэма гэтага агляду ВПЗ - эканомія энергіі на наўтбуках у Linux-сістэмах. Таксама працягнем тэму тэкставых рэдактараў і звернем увагу на кансольны рэдактар, які лепш за іншых падыходзіць для пачаткоўцаў у Linux. Завершыць агляд прыкладанне з разраду інжынернага ПЗ для сканавальнай зондавай мікраскапіі.
Энергазахаванне пры дапамозе Laptop Mode Tools
У мінскім грамадскім транспарце ўвесь час гучыць сацыяльная рэклама пра тое, што "энергазахаванне - гэта актуальна і сучасна". І сапраўды гэта так, калі ўзяць, напрыклад, сучасныя персанальныя кампутары, значную частку якіх у карыстачоў складаюць наўтбукі.
Вядома, у першую чаргу праблему энергазахавання вырашаюць вытворцы ПК, як на апаратным, так і на праграмным узроўні. Сюды ўваходзіць і стварэнне працэсараў з энергазахавальнымі рэжымамі працы, а таксама распрацоўка энергазахавальных утыліт. Энергазахавальныя функцыі таксама ўбудаваны і ў аперацыйныя сістэмы, як у Windows, так і ў ядро Linux. Але асаблівасць сістэм Linux у тым, што гэтыя энергазахавальныя функцыі трэба актываваць непасрэдна самім карыстачам. Інакш, напрыклад, калі ўсталяваць на наўтбук стандартную Ubuntu у пару з Windows, тое параўнанне аўтаномнай працы ад батарэі ў Linux і Windows будзе відавочна не ў карысць першай АС, што расчаруе карыстача.
Насамарэч у Linux шмат энергазахавальных магчымасцяў, і дасведчаныя карыстачы іх выкарыстоўваюць, дасягаючы прыстойнага часу працы той жа Ubuntu на наўтбуку пры сілкаванні ад акумулятара. У Сетцы існуе немалая колькасць падрабязных мануалаў па гэтым пытанні, і коратка пералічым асноўныя кампаненты ПК, якія трэба наладзіць для паспяховага энергазахавання:
- адключэнне дадатковай відэакарты, якімі цяпер камплектуюць нават бюджэтныя наўтбукі, эканоміць значную частку зарада батарэі;
- сучасныя мадэлі працэсараў маюць энергазахавальныя рэжымы, якія можна ўключаць праз адмысловыя параметры ядра Linux;
- SATA-прылады таксама маюць рэжымы энергазахавання, якімі можна кіраваць;
- захавае батарэю і адключэнне частых запытаў сістэмы да dvd-прываду;
- убудаваныя аўдыё-чыпы ад Intel таксама маюць магчымасць эканоміі ватаў;
- дадаткова зэканоміць можна нават адключыўшы вэб-камеру разам з драйверам;
- можна ўсталёўваць эканамічны рэжым для кэша дадзеных у аператыўнай памяці, прызначанага для буферызацыі дадзеных цвёрдага дыска;
- эканоміць энергію адключэнне невыкарыстоўваных сеткавых інтэрфейсаў Bluetooth, WiFi, GPRS;
- і само сабой варта зменшыць яркасць манітора і нават падабраць светлую кантрасную тэму для графічнага карыстацкага інтэрфейсу.
Гэтыя магчымасці ўключаюць асобнымі сістэмнымі камандамі, якія можна аформіць у выглядзе скрыпту shell, што выконваецца, калі сілкаванне ад сеткі адключана, і аднаўляе ўсё ў звычайны рэжым, як толькі з'яўляецца сілкаванне ад сеткі. Існуе таксама і адмысловая ўтыліта Laptop Mode Tools, якая аўтаматызуе ўключэнне шматлікіх энергазахавальных магчымасцяў з прыведзенага вышэй спісу. Гэта ўтыліта ёсць практычна ва ўсіх стандартных рэпазітарах дыстрыбутываў GNU/Linux. Напачатку верасня была апублікавана версія Laptop Mode Tools 1.64.
Спачатку Laptop Mode Tools (LMT) была невялікай праграмай, якая кантралюе толькі энергаспажыванне цвёрдых дыскаў. Для эканоміі энергіі HDD дэман LMT выстаўляе параметры запаволення дыска, папераджальнага чытання дадзеных, кантролю сілкавання і т.п.
Аднак з цягам часу ў LMT было дададзена і нямала модуляў для кіравання энергазахаваннем іншых падсістэм кампутара. Зараз такіх модуляў у LMT амаль два дзясятка:
- для кіравання працэсарам;
- для налады планоўшчыка задач шмат'ядравых і шматструменных сістэм;
- для кантролю сістэмных апытанняў DVD-прывадаў, якія праводзяцца дэманам HAL;
- для ўключэння рэжыму энергазахавання Intel AHCI-сумяшчальных чыпсэтаў SATA;
- для аўтаматычнага адключэння USB-прылад;
- для аўтаматычнай змены яркасці экрана і выключэння падсвятлення манітора;
- для прымусовага адключэння відэавыхадаў VGA ці TV у залежнасці ад рэжыму сілкавання;
- для энергазахавання адаптараў Wireless LAN, Ethernet;
- для энергазахавання аўдыё-чыпсэтў AC97.
Пасля ўсталёўкі з рэпазітара Laptop Mode Tools аўтаматычна ўсталюе ў сістэме асноўныя параметры энергазахавання, якія будуць актываваны пры кожным сеансе працы наўтбука ад батарэі. Аднак, нягледзячы на аўтаматызацыю, проста ўсталяваць прыкладанне Laptop Mode Tools і забыцца пра яго існаванне ўсёткі не атрымаецца.
Па-першае, LMT мае не актываваныя параметры, выкарыстанне якіх спалучана з некаторай рызыкай, але якія могуць быць цікавыя дасведчаным карыстачам.
Па-другое, усталяваныя па змаўчанні параметры энергазахавання могуць не падысці да пэўнай мадэлі наўтбука ці знешнім прыладам. Напрыклад, некаторыя USB-прылады выключаюцца некарэктна праз LMT, што, для прыкладу, прыводзіць да замірання курсара некаторых мадэляў USB-мышэй.
Таму Laptop Mode Tools, хутчэй за ўсё, прыйдзецца наладжваць, што робіцца ў стылі Linux-way шляхам рэдагавання ў тэкставым рэдактары конфігаў праграмы. Хоць, трэба сказаць, рэдагаваць конфігі Laptop Mode Tools, якія маюць падрабязныя каментары да параметраў, значна лягчэй, чым рэдагаваць рэестр Windows. Тым больш маецца і пераклад на рускую мову ўсіх тлумачэнняў да параметраў LMT.
Як бачна, ў Laptop Mode Tools няма налады адключэння дадатковай відэакарты, якія часта ўсталёўваюцца на наўтбукі. А гэта вельмі важная функцыя для эканоміі энергіі батарэі наўтбука.
І, трэба прызнацца, сітуацыя з гэтымі дадатковымі відэакартамі ў Linux пакуль не самая вясёлая. Напрыклад, рэжым Optimus для аўтаматычнага ўключэння і адключэння сілкавання дадатковых відэакарт NVIDIA у наўтбуках для сістэм GNU/Linux доўгі час адсутнічаў. Эксперыментальная падтрымка Optimus у драйверах NVIDIA для Linux з'явілася зусім нядаўна. Таму па-ранейшаму актуальная ўтыліта Bumblebee, якая дазваляе ўручную ўключаць і выключаць сілкаванне дадатковых відэакарт NVIDIA у мэтах агульнага зніжэння энергаспажывання ўсёй сістэмы.
Тэкставы рэдактар Ne
Раз ужо мы закранулі тэму Linux-way, калі для налады сістэмы трэба рэдагаваць адмысловыя сістэмныя файлы канфігурацыі ў тэкставых рэдактарах, то варта, асабліва пачаткоўцам у Linux, звярнуць увагу на прыемны ў карыстанні тэкставы рэдактар Ne (Nice editor). Рэдактар мае шматгадовую гісторыю, але ўсё яшчэ рэгулярна абнаўляецца, і ў верасні была апублікавана версія Ne 2.5.
З аднаго боку Ne з'яўляецца самым сапраўдным кансольным рэдактарам, як і Vim ці Emacs - магутным і пры гэтым непатрабавальным да рэсурсаў. Гэта рэдактар на аснове стандартаў POSIX, які працуе практычна на любой UNIX машыне.
З іншага боку, у адрозненне ад Vim ці Emacs гэты рэдактар не патрабуе ад пачаткоўцаў перавучвацца і вывучаць новыя каманды і камбінацыі клавіш. У Ne выкарыстоўваюцца стандартныя прыёмы працы, камбінацыі клавіш і інтэрфейс, звыклыя па тэкставых рэдактарах з Windows.
Увод тэксту просты і стандартны: можна выкарыстоўваць клавішы стрэлак для кіравання курсорам, клавішы <Delete> <Backspace> для карэктоўкі, клавішу <Insert> для замены.
Пасля таго, як тэкст набраны ці адрэдагаваны, варта націснуць клавішу <Esc>, у выніку чаго з'явіцца стандартнае галоўнае меню. Пры дапамозе клавіш стрэлак у гэтым меню можна абраць патрэбную аперацыю. Натуральна, падтрымліваюцца і камбінацыі клавіш для функцый галоўнага меню.
Такім чынам Ne - напэўна, ідэальны рэдактар сістэмных канфігурацыйных файлаў Linux для карыстачоў, якія прывыклі да стандартаў працы ў Windows. Ne маецца практычна ў кожным дыстрыбутыве GNU/Linux. Ёсць порт і для MacOSX.
Gwyddion для сканавальнай зондавай мікраскапіі
І напрыканцы адкрытая праграма з разраду інжынерных. Яе назва Gwyddion і 8-га верасня гэта прыкладанне абнавілася да версіі 2.32.
Gwyddion - графічная праграма для адлюстравання і аналізу дадзеных СЗМ (Сканавальнай Зондавай Мікраскапіі). Зондавая мікраскапія прыцягнула ўвагу і атрымала распаўсюд сярод шырокага круга спецыялістаў за магчымасць аналізу механічных, электрычных і электронныях уласцівасцяў розных паверхняў, а таксама за навочнасць прадстаўлянай інфармацыі - СЗМ дазваляе атрымаць праўдзіва адлюстраваны трохмерны рэльеф паверхні. З іншага боку скан паверхні, які атрымліваецца пры дапамозе СЗМ патрабуе працаёмкай расшыфроўкі з выкарыстаннем складаных матэматычных алгарытмаў. Само сабой, разам са сканавальнымі зондавымі мікраскопамі даецца і адмысловае ПЗ. Але існуе і асобнае праграмнае забеспячэнне для аналізу сканаў СЗМ, якім і з'яўляецца праграма Gwyddion.
У першую чаргу Gwyddion прызначана для аналізу палёў вышынь, атрыманых рознымі тэхнікамі сканавальнай зондавай мікраскапіі, але ў агульным выпадку яе можна выкарыстоўваць для аналізу любых палёў вышынь ці малюнкаў. Гэта модульная праграма аналізу дадзеных СЗМ. Асноўнай ідэяй пры распрацоўцы Gwyddion было стварыць модульную праграму для аналізу двухмерных дадзеных, якую можна лёгка пашыраць асобнымі модулямі. Таму для развіцця Gwyddion і была абрана мадэль адкрытай распрацоўкі ПЗ. Прыкладанне распаўсюджваецца на ўмовах ліцэнзіі GPL. Распрацоўка Gwyddion падтрымліваецца Чэшскім інстытутам метралогіі (Czech Metrology Institute).
Gwyddion у сапраўдны момант можна выкарыстоўваць на аперацыйных сістэмах сямейства Linux/Unix (уключаючы Mac OSX) і Microsoft Windows. Для стварэння графічнага інтэрфейсу карыстача выкарыстоўваюцца бібліятэкі Gtk+.
Міхаіл АСТАПЧЫК
Горячие темы