Навіны вольнага ПЗ

У чарговым аглядзе ВПЗ вельмі падрабязна спынімся на асяроддзі праграмавання LiveCode 6, якое стала адкрытым, і паспрабуем пазбавіцца ад некаторай прадузятасці ў дачыненні да гэтага цікавага праекта. Таксама пазнаёмімся з "кішэнным" дыстрыбутывам SliTaz і мэнэджарам баз дадзеных SQLiteStudio, які можна назваць "кішэнным MS Access".


LiveCode 6

У першую чаргу ў нашым аглядзе разгледзім новую версію інтэграванага асяроддзя распрацоўкі LiveCode. Па-першае, гэта папулярнае камерцыйнае прыкладанне папоўніла шэрагі праектаў з адкрытым зыходным кодам. Скарыстаўшыся ажыятажам вакол краудфандынга і Kickstarter, кампанія RunRev, якая распрацоўвае LiveCode, здолела прыцягнуць на сваё развіццё амаль 500 000 даляраў. Раней кіраўніцтва RunRev паабяцала, што ў выпадку поспеху акцыі на Kickstarter будуць адкрыты зыходныя коды гэтага кросплатформеннага асяроддзя праграмавання.

Задума з Kickstarter апынулася паспяховай, і новая вэрсія LiveCode 6 зараз даступна ў зыходных тэкстах пад ліцэнзіяй GPLv3. Адпаведна гэта асяроддзе распрацоўкі распаўсюджваецца цяпер бясплатна. Хоць ёсць і камерцыйны варыянт для тых, хто не жадае раскрываць код сваіх прыкладанняў, і хто мае намер размяшчаць свае прадукты ў каталогу Apple AppStore, які несумяшчальны з прыкладаннямі пад ліцэнзіяй GPL. Але ў функцыянальным плане камерцыйная і бясплатная версіі раўназначныя.

Па-другое, сярод нашай публікі да LiveCode маецца некаторае грэблівае стаўленне. Гэтыя прадузятасці ў дачыненні да праекта хацелася б ліквідаваць.

Грэблівае стаўленне да LiveCode тлумачыцца тым, што асяроддзе разлічана на пачаткоўцаў праграмістаў. Адпаведна ў вачах крутых кодэраў LiveCode - гэта нешта несур'ёзнае, як "Віжуал Бэйсік".

Сапраўды, LiveCode можа разглядацца як добры варыянт для навучання праграмаванню. І сапраўды, з дапамогай LiveCode нельга напісаць якое-небудзь сваё ўласнае сістэмнае ядро на C/C++.

Аднак, платформа LiveCode - гэта і не Logo для дзіцячага сада. Асяроддзе нацэлена на стварэнне інтэрактыўных мультымедыйных прыкладанняў, якія могуць быць зусім не трывіяльнымі.

LiveCode з'яўляецца сучаснай рэалізацыяй рэвалюцыйнага ў 90-х гадах мінулага стагоддзя візуальнага асяроддзя праграмавання HyperCard для Mac OS. Цяпер любая рэалізацыя HyperCard носіць назву Revolution, і таму гэта слова часта ўжываецца ў дакументацыі LiveCode як сінонім самой рабочай асяроддзя.

Рэвалюцыйнасць платформы HyperCard складалася ў тым, што яе распрацоўшчыкі паспрабавалі пайсці далей, чым тагачасная канцэпцыя гіпертэксту, і рэалізаваць канцэпцыю гіпермедыя. А канцэпцыя гіпермедыя - гэта гіпертэкст, у які ўключаны інтэрактыўныя графіка, гук, відэа.

У HyperCard можна было збіраць у адзінае інтэрактыўнае прыкладанне тэксты, малюнкі, гукі, анімацыю. Напрыклад, тэхналогіі HyperCard былі выкарыстаны ў папулярнай гульні Myst, якая была выпушчаная на кампутарах Macintosh ў пачатку 90-х.

LiveCode - гэта HyperCard сённяшняга дня. Гэтая візуальная платформа разлічана для стварэння кросплатформенных прыкладанняў з развітым інтэрактыўным інтэрфейсам. Праграму ў LiveCode можна скампіляваць для Windows, MacOS, Linux, iOS, Android.

Само асяроддзе невялікае па памеру. Напрыклад, ўсталёвачны файл для Linux важыць менш за 50 мегабайт.

Пасля запуску адкрыецца некалькі панэляў, - вось як у графічным рэдактары GIMP. Такі шматпанэльны інтэрфейс часта крытыкуецца. Але я, напрыклад, як уладальнік дзвюхманіторнай канфігурацыі кампутара знаходжу гэтую шматпанэльнасць зручнай.

Ды і сама праца ў LiveCode чымсьці нагадвае працу ў графічным рэдактары. Само прыкладанне ў катэгорыях HyperCard называецца "стэкам". Стэк адкрываецца ў выглядзе асобнага акна. У самым стэку існуюць "карты", падобныя на пласты ў графічным рэдактары. Адпаведна ў LiveCode ёсць і асобная панэль для кіравання гэтымі пластамі-картамі.

На гэтыя пласты з бакавой панэлі інструментаў перацягваць элементы - пачынаючы з звычайных кнопак і заканчваючы мультымедыйнымі аб'ектамі. Адпаведна па кліку правай кнопкай на абраным элеменце адкрываецца панэль яго параметраў.

І, самае галоўнае, кожнаму элементу можна задаць свой інтэрактыўны скрыпт, выбраўшы ў кантэкстным меню элемента рэдактар скрыптоў. Скрыптовая мова ў LiveCode з'яўляецца разнавіднасцю HyperTalk, і выглядае, напрыклад, так:

on mouseUp
answer "Hello World!"
end mouseUp

Увогуле, з засваеннем праграмы вялікіх складанасцяў паўстаць не павінна. Для англамоўнай публікі маецца вялікая колькасць урокаў, відэа, прыкладаў для вывучэння.

Хіба што з беларускай мовай ёсць праблемы, у тым ліку і з кірылічнымі шрыфтамі. І яшчэ вельмі раздражняе акно для актывацыі праграмы пры кожным яе запуску.

Вывучаючы LiveCode, не цяжка прыйсці да высновы, што гэта асяроддзе рэалізуе тое, што цяпер называецца вэб-прыкладаннмі і тэхналогіямі HTML 5. Гэта значыць любую мультымедыйную праграму, якую можна стварыць у LiveCode, можна стварыць таксама і з дапамогай HTML, CSS, SVG і JavaScript. Сучасныя тэхналогіі HTML 5 - гэта таксама рэалізацыя канцэпцыі гіпермедыя, што, напэўна, зробіць асяроддзе LiveCode для некаторых неактуальным.

З іншага боку, для HTML 5 няма такой зручнага візуальнага асяроддзя, як LiveCode, якое да таго ж стварае лакальныя натыўныя прыкладанні для большасці АС. Ды і HyperTalk больш просты, чым JavaScript. Таму ўсё ж такі не варта мець прадузятасць да LiveCode і па магчымасці паспрабаваць пазнаёміцца з гэтым асяроддзем бліжэй.


SliTaz 4.0

"Кішэнныя дыстрыбутывы" ці Live-сістэмы, якія можна загрузіць прама з CD-дыска або USB-флэшкі без ўстаноўкі на жорсткі дыск, сталі звычайнай з'явай. Зараз нават ўсталявальныя вобразы стандартных дыстрыбутываў выконваюцца з падтрымкай Live-рэжыму.

Live-сістэма ў многіх выпадках зручная. Напрыклад, з іх дапамогай пачаткоўцы могуць пазнаёміцца з Linux. Пры дапамозе Live-дыска зручна аднаўляць непрацоўную сістэму. Так, напрыклад, у мяне на usb-флэшцы пастаянна маецца Clonezilla, з дапамогай якой я сваім знаёмым аднаўляю пасля збояў Windows з загадзя створаных рэзервовых вобразаў.

Добрым кандыдатам у якасці кішэннай сістэмы можна назваць дыстрыбутыў SliTaz. На мінулым тыдні пасля двух гадоў распрацоўкі выйшла яго чацвёртая версія.

Сістэмны загрузны iso-вобраз дыстрыбутыва займае ўсяго 35 МБ. Пры гэтым загрузны вобраз мае графічную абалонку з невялікім наборам графічных праграм. У якасці графічнай абалонкі выкарыстоўваецца Openbox і LXPanel.

Напрыклад, тут ёсць браўзэр Midori, утыліта для дыскаў Gparted, аўдыяплэер, невялікі графічны рэдактар тыпу Paint, файлавы мэнэджар PCManFM і іншае. Для сістэмных налад прысутнічае графічная панэль TazPanel.

Невялікі памер загрузнага вобраза важны, таму што гэта дазваляе запусціць SliTaz і на вельмі старым абсталяванні. Сістэма цалкам загружаецца ў памяць, пасля чаго можна вызваліць раз'ём USB або CD-прывад.

Пры гэтым SliTaz - гэта паўнавартасны дыстрыбутыў. Ён можа ўсталёўвацца на жорсткі дыск. І ў сілу свайго мінімалізму гэтая сістэма падыходзіць для вельмі старажытных кампутараў. SliTaz на бягучы момант - гэта ідэальная аперацыйная сістэма для старых слабых машын.

SliTaz мае свой уласны рэпазітар пакетаў і ўтыліты кіравання пакетамі. Дзякуючы супольнасці ў рэпазітары ўжо знаходзіцца больш за тры тысячы праграм.

Таму SliTaz можа працаваць і як, напрыклад, вэб-сервер, выкарыстоўваючы стабільны пакет LightTPD з падтрымкай PHP, CGI, Perl і Python. Таксама даступныя Apache, Squid і бяспечны прагляд інтэрнэту з выкарыстаннем сеткі Tor.

Ёсць нават асобны iso-вобраз, у якім сабраны ўсе гэтыя пакеты ў адзіны дыстрыбутыў. Праўда, важыць гэты поўны вобраз ужо два гігабайта.


SQLiteStudio

З патока навін ВПЗ я б вылучыў невялікую "тулзу" SQLiteStudio, якую распрацоўваюць нашы суседзі - польскія распрацоўшчыкі. Праект хоць і з пяцігадовым стажам, але ўвесь час кожны месяц абнаўляецца, і на красавік гэтага года маецца версія 2.1.3.

SQLiteStudio - гэта мэнэджэр баз дадзеных SQLite з прыгожым візуальным інтэрфейсам, з адкрытым зыходным кодам пад ліцэнзіяй GPLv2. Распаўсюджваецца таксама ў выглядзе бінарнага файла памерам каля пяці мегабайт. У першую чаргу ён будзе карысны для распрацоўнікаў, так як SQLite выкарыстоўваецца ў вельмі многіх прыкладных праграмах для настольных і мабільных сістэм.

Але і для вопытных карыстальнікаў праграма можа быць цікавая. SQLite - вельмі лёгкая рэляцыйная база дадзеных, якая захоўвае усю базу дадзеных у адзіным стандартным файле на кампутары. Увогуле, SQLiteStudio - гэта такі мініятурны Microsoft Access.

Пералічым коратка асаблівасці праграмы:

  • адзіны выкананы файл, які не трэба ўсталёўваць, і, такім чынам, можна трымаць на флэшцы, як кішэнную СКБД;
  • магчымасці SQLite3 і SQLite2 прадстаўлены праз графічны інтэрфейс;
  • наладжванне колеру сінтаксісу, шрыфтоў, падтрымка скінаў;
  • кросплатформеннасць - працуе на Windows, Linux, MacOS X;
  • лакалізацыя на рускую мову аж да "саветаў дня";
  • экспарт БД у CSV, HTML, XML і іншыя фарматы;
  • некалькі невялікіх дапаўненняў такіх, як фарматаванне кода, гісторыя запытаў выкананых у акне рэдагавання, выкананне Tcl-кода, хэшаванне MD-5, кадаванне base64;
  • гарачыя клавішы, аўтадапаўненне ў кантэксце SQL па клавішах Control+Space;
  • падтрымка юнікода.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!