Беларускі софт #16

Дзень добры, шаноўныя. Мы з вамі сёння працягнем гутарку аб праграмным забеспячэнні, створаным у Беларусі. Айчынныя майстры здольныя прапанаваць карыстальнікам шмат цікавых рэчаў. Вось аб іх я зараз вам і раскажу.


IhAr Software

Спачатку, паважаныя чытачы, аб распрацоўках Ігара Арэшчанкава, якія можна знайсці ў iнтэрнэце па адрасу iharsw.at.tut.by. Праграм на сайце чатыры, і ўсе яны даволі цікавыя.

Першая з іх мае назву RASDw9x. Важыць яна ўсяго 7 кілабайт, але ж па карыснасці не саступае іншым, больш вялікім праграмам, што знаходзяцца на сайце. Гэтая праграма - аналаг RASDIAL.EXE з камплекту пастаўкі Windows NT, 2000, XP, але ж для сістэм Windows 9x. Гэтая праграма дазваляе карыстальнікам Windows 95, 98, ME кіраваць выдаленымі злучэннямі з каманднага радка. RASDw9x можа выкарыстоўвацца ў BAT-сцэнарах для аўтаматызацыі працэсу ўсталявання выдаленага злучэння і яго завяршэння. Яна вяртае аперацыйнай сістэме код завяршэння, які можа быць прааналізаваны па схеме Errorlevel.

Наступная прылада называецца Host Locator. Яе назва празрыста вызначае сферу яе ўжывання. Гэтая праграма адсочвае даступнасць вузлоў TCP/IP-сеткі. Яна дазваляе стварыць спіс адрасоў і перыядычна рассылае па гэтых адрасах рэха-запыты і, адпаведна, атрымоўвае ці не атрымоўвае адказы. Калі адказ ад вузла не прыходзіць, яна змяняе значок у system tray і выводзіць на экран адпаведнае паведамленне. Host Locator можа дапамагчы сістэмным адміністратарам своечасова выявіць узніклыя ў сетцы непаладкі, адмовы сеткавага абсталявання або канцавых прылад. Важыць прылада ўсяго каля паўсотні кілабайтаў, таму спампаваць яе зможа кожны.

Трэцяя праграма у бягучым аглядзе - HTML Palette. Важыць таксама зусім ня шмат. І таксама відавочна, навошта яна можа спатрэбіцца. HTML Palette прызначана для спрашчэння падбору колеру пры распрацоўцы web-старонак. Асабіста ў тых выпадках, калі пішацца непасрэдна HTML-код і той, хто яго піша, працуе ў "Блакноце". Але ж праграма выконваецца ў серадзе аперацыйнай сістэмы Microsoft Windows як асобнае прыкладанне і таму можа выкарыстоўвацца з любым тэкставым рэдактарам. Маюцца наступныя магчымасці: выбар колеру з 24-каляровай палітры, налада палітры па гусце і пад патрэбы карыстальніка, выбар аднаго з 24 адмысловых знакаў стандарту HTML, капіяванне тэкставага запісу, адпаведнай вылучанаму колеру або знаку, у буфер абмену (Clipboard) для наступнай устаўкі ў тэкст HTML-дакумента, кіраванне функцыянаваннем праграмы як з дапамогай мышы, так і з клавіятуры. Канешне, праграма наўрад ці спатрэбіцца тым, хто ўжывае Macromedia Dreamweaver ці Microsoft FrontPage, але ж для майстроў, што ствараюць HTML-старонкі без спецыяльных рэдактараў, HTML Palette будзе вельмі карыснай.

Чацвёртая праграма з сайту Ігара - гэта нават не проста праграма, а цэлы камплект праграм для ўжывання ў камандных файлах Windows (BAT-файлах). Агульная яго назва - BAT Pack. А уваходзяць у яго наступныя прылады:

wait.exe - забяспечвае затрымку выканання BAT-сцэнара на зададзены час;

compare.exe - параўноўвае файлы па іх атрыбутам і фармуе код завяршэння, які можа быць прааналізаваны па схеме Errorlevel;

translate.exe - выконвае перакадыроўку Oem2Ansi і Ansi2Oem.

Калі вы часта карыстаецеся BAT-файламі, такі набор прылад можа вам спатрэбіцца.

Што ж, гэта пакуль што ўсе праграмы IhAr Software. Калі з'явяцца яшчэ якія-небудзь, я абавязкова вам паведамлю. Але ж гэта не ўсё, што можна знайсці на ўказаным вышэй сайце. Таксама там ёсць зыходныя тэксты невялічкіх праграм з фінансавай накіраванасцю. Мабыць, знойдуцца людзі, якім яны таксама спатрэбяцца.


Праграмы для адукацыі

Ужыванне кампутараў (і, адпаведна, кампутарнага праграмнага забеспячэння) у сферы адукацыі - рэч натуральная. Але ж сёння гэты рынак яшчэ не так развіты, як, напрыклад, рынак фінансавых прыкладанняў. Таму з'яўляюцца ўсё новыя распрацоўкі, якія, мабыць, калісьці будуць здольныя ператварыць працэс адукацыі ў нашай краіне ў больш кампутарызаваны бок. Пра пару такіх праграм я зараз і раскажу.

Праграмы, пра якія я зараз павяду расповед, створаныя ваеннымі, і гэта становіцца відавочным ужо з першага погляду. Адна з указаных праграм прысвечана сістэмам касмічнай спадарожнікавай сувязі.

Як лічаць самі стваральнікі праектаў Юры Шварц і Аляксандр Гусакоў, "...сёння патрэбны іншы, якасна новы, інавацыйны падыход да арганізацыі працэсу навучання. Працэс актуалізацыі і мадэрнізацыі ведаў павінен насіць бесперапынны характар. Для яго падтрымкі ў выглядзе вочнай, завочнай, вячэрняй форм навучання ствараюцца электронныя навучальныя рэсурсы. Часцей за ўсё яны знаходзяць ужыванне ў сістэме адчыненай адукацыі з дапамогай дыстанцыйных тэхналогій навучання, заснаваных на кампутарных тэхналогіях. Адным з варыянтаў аптымізацыі электроннага навучання з'яўляецца выкарыстанне розных праграм, нацэленых на высокаэфектыўны навучальны працэс". Менавіта яго, па іх словах, і спрабуюць рэалізаваць распрацоўшчыкі ў сваіх праграмах.

Знайсці праграмы і дадатковую інфармацыю пра кампутары ў сферы адукацыі можна ў Сусветным павуцінне па адрасу rezult.at.tut.by.

А зараз пра другую праграму. Яна прызначана для аўтаматызацыі працы выкладчыка пры падвядзенні вынікаў і аналізе паспяховасці навучэнцаў за які-небудзь перыяд. У праграмы вельмі просты інтэрфейс, таму нават тыя выкладчыкі, якія не маюць вялікага вопыту працы з кампутарам, будуць здольныя лёгка ўжываць гэтую праграму. Магчымасці ж у яе такія: можна праводзіць разлік па пяцібальнай або дзесяцібальнай сістэмам адзнак, падтрымліваецца графічнае адлюстраванне гэтых самых адзнак, прысутнічаюць індыкацыя і адлюстраванне вынікаў разліку.

Што ж, шаноўнае спадарства. На сёння расповед пра беларускі софт скончаны. Спадзяюся, ён вас ўсё ж такі зацікавіў. Нагадваю, што буду вельмі рады дасланым спасылкам на праграмы, створаныя жыхарамі нашай краіны. Мой электронны паштовы адрас - dreamdrusch@tut.by.

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

48 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!