Беларускі софт #17

Бухгалтарскія праграмы ад Belactive Software

Хто толькі не карыстаецца ў наш час персанальнымі кампутарамі! Здаецца, сярод асоб разумовай працы такіх прафесій амаль не засталося. Бо для ўсіх гэтая прылада (я маю на ўвазе кампутар, канешне ж) вельмі карысная. Навукоўцам яна спрашчае грувасткія разлікі, лекарам дапамагае весці спісы тых асоб, каго яны абследавалі, журналістам дапамагае шукаць у iнтэрнэце матэрыялы і займацца плагіятам (а тым, хто не займаецца, дык проста дапамагае пісаць свае артыкулы)... ну, а бухгалтарам кампутар памагае падлічваць грошы. І, думаю, бухгалтары ўдзячныя свайму працавітаму памагатаму, які пазбаўляе іх ад маруднай працы з ручным электронным калькулятарам.

Розных праграм, створаных праграмістамі для бухгалтараў, у гэтым свеце не проста шмат, а вельмі шмат. Сярод іх, напэўна, самая вядомая ў нашай краіне распрацоўка расейскай кампаніі 1С, якая называецца 1С:Бухгалтэрыя. Але ж ёсць і айчынныя распрацоўкі ў гэтай галіне, і пра адну з іх я пісаў (глядзіце дзесяты выпуск "Беларускага софту", дзе расказваецца аб эканамічнай платформе "Гедымін"). Прыемна адзначыць, што ёсць яшчэ шмат цікавых прадуктаў, пра некаторыя з іх я зараз раскажу.

Распрацоўкі Belactive Software можна знайсці ў Сусветным павуцінне па адрасу www.basoft.gomel.by. Зараз там можна знайсці сем розных праграм, частка якіх не адносіцца да спецыялізаванага праграмнага забеспячэння для бухгалтараў. Але ж, як зазначана на сайце, асноўная спецыялізацыя Belactive Software - распрацоўка праграм для бухгалтэрыі, таму і асноўны акцэнт у гэтым артыкуле я раблю менавіта на іх. Але ж давайце ўжо пераходзіць непасрэдна да саміх праграм, бо неяк уступ ізноў зацягнуўся...

Першая з праграм, якія я вам прадстаўлю, мае назву "Аплатныя дакументы РБ". Асноўная функцыя праграмы - друк аплатных дакументаў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Для працы яе (як, зрэшты, і кожнай іншай праграмы, якую вы знойдзеце на гэтым сайце) трэба мець усталяваны Microsoft Access 2000, 2002 ці 2003. Гэта, канешне, не надта прыемна, але ж на большасці бухгалтарскіх кампутараў пакет Microsoft Office, часткай якога з'яўляецца Access, усталяваны, таму, пэўна, гэта надта вялікіх праблем не выклікае. Сярод асноўных магчымасцяў праграмы можна адзначыць наступныя: наяўнасць шматлікіх відаў дакументаў (новых аплатных даручэнняў ад 01.05.2006г, аплатных патрабаванняў, даручэнне - рэестр чэкаў, даверанасцяў, аб'яў), прысутнічаюць рэестр аплатных даручэнняў і рэестр аплатных патрабаванняў. Па ўсіх дакументах рэалізавана вядзенне базы даных, можна ажыццяўляць прагляд і раздрукоўку дакументаў і часопісаў, рэзервовае капіяванне і аднаўленне інфармацыі. З сайта можна спампаваць дэманстрацыйную версію, бо сама праграма не бясплатная, але ж каштуе вельмі танна.

Маецца асобна пашыраная версія гэтай праграмы пад назвай "Аплатныя дакументы РБ ПРО". Ад звычайных "Аплатных дакументаў" гэтая версія адрозніваецца большай колькасцю розных дакументаў, з якімі можна працаваць, а таксама тым, што каштуе яна больш. Ну, гэта ж натуральна - больш функцыянальныя версіі праграмнага забеспячэння даражэй за менш функцыянальныя. Закон жыцця, так сказаць.

Але ж даволі пра гэтыя аплатныя дакументы, пойдзем далей, шаноўнае спадарства. Трэцяя праграма ў нашым бягучым аглядзе мае назву "Белаўтасэрвіс", і прызначаная яна, як можна здагадацца, і як пішуць самі распрацоўшчыкі, для аўтаматызацыі працы станцый тэхнічнага абслугоўвання (СТА) і аўтасэрвісаў. Праграма дазваляе рабіць наступныя рэчы: уводзіць тавар на склад пры дапамозе прыходных накладных, выпісваць тавар па безнаяўнасці і за наяўныя грошы; фарміраваць рахунак-фактуры, накладныя ТТН-1, ТТН-1 з прыкладаннем, ТН-2, ТН-2 з падаткам з продажаў, дамовы, пратаколы узгаднення коштаў, расходныя ордэры. Таксама можна выпісваць тавар на рамонт, фарміруючы патрабаванні з уключанай сумай за рамонт і акт прыёмкі. Аўтаматычна вядзецца пятнаццаць розных відаў часопісаў і справаздач, якія ахопліваюць усе магчымыя аперацыі.

Наступны праграмны прадукт мае назву "Зарплата". Прызначаны ён, адпаведна, для разліку заработнай платы тых людзей, якія працуюць (на вялікі жаль, у наш час атрымліваць заробак і не працаваць - гэта ўжо некаторым чынам мастацтва). Пры гэтым праграма арыентаваная на асаблівасці сельскай гаспадаркі, але ў чым гэта праяўляецца, невядома. Праграма працуе з наступнымі відамі дакументаў: ведамасць на атрыманне зарплаты, разліковыя лісткі, зводная ведамасць па падзяленні і прадпрыемстве, агульны асабовы рахунак, даведка аб заработнай плаце, звесткі аб прынятых і звольненых, звесткі аб занятых пасадах, звесткі аб узросце. Зараз гэтая праграма пакуль што бясплатная, але ніхто не можа даць гарантыю, што яе статус не зменіцца ўжо заўтра. Таму спяшайцеся карыстацца ёю!

Далей пойдуць праграмы, якія да бухгалтарскіх спраў ніякага дачынення не маюць. Вось, напрыклад, праграма "Картатэка" распрацоўвалася для МУС (канкрэтней, для аддзелу экспертаў крыміналістаў) і прызначаная для вядзення базы асобаў, якія знаходзяцца на ўліку. Але ж можна прыстасаваць яе і для іншых патрэб. Бо дазваляе яна выконваць пошук па алфавіце і па прозвішчы, загружаць фатаграфіі ў картку і выводзіць справаздачу з фатаграфіямі. Вось. А вось праграма "Каталог дыскаў" ужо прызначаная для стварэння і захоўвання базы дадзеных з інфармацыяй аб CD. Яна дазваляе выконваць пошук дыскаў па катэгорыі, друк спісу дыскаў, выгрузку спісу ў Excel ці HTML. Апошняя праграма мае назву "Медыцынская картатэка". Яна патрэбная для вядзення базы пацыентаў, іх заяў на платныя паслугі ў бальніцах, паліклініках і іншых медыцынскіх установах. Праца праграмы заснаваная на запаўненні даведнікаў аб лекарах, аб найменнях катэгорый лячэння, аб дыягназах і аб медыцынскіх паслугах. Праграма дазваляе весці базу пацыентаў, раздрукоўваць карткі і заявы. Няшмат, але ўсё ж зручна.

Вось такія праграмы, якія я рады прапанаваць у сённяшнім выпуску "Беларускага софту". Спадзяюся, яны вам спадабаліся. Калі ў вас ёсць нейкія праграмы ўласнай распрацоўкі ці распрацоўкі кагосьці з вашых сяброў ці знаёмых, якія жывуць у Беларусі, калі ласка, дашліце мне спасылку на іх. Мой электронны паштовы адрас такі: [email protected]. Краіна павінна ведаць сваіх распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння!

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

51 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!