Гэты агляд ВПЗ атрымаўся ў кансольным стылі. Разгледзім дыстрыбутыў Arch Linux, у якім кансоль з'яўляецца самай галоўнай прыладай. Таксама ў аглядзе прадстаўлены выдатны кансольны загрузнік відэа з відэасэрвісаў youtube-dl і не меней выдатны кансольны відэаплэер MPV.
Arch Linux 2014.01.05
Працягваем знаёміцца з разнастайнасцю дыстрыбутываў GNU/Linux. Напачатку года выйшлі новыя ўсталявальныя вобразы цікавага дыстрыбутыва Arch Linux, што з'яўляецца добрай нагодай разгледзець гэту сістэму больш падрабязна.
Цікавы дыстрыбутыў Arch Linux ужо хоць бы тым, што з'яўляецца практычна поўнай альтэрнатывай дыстрыбутывам, якія мы раней галоўным чынам аглядалі на сайце "КВ" - Ubuntu, Fedora, OpenSUSE. Ён ад іх адрозніваецца і па ідэалогіі, і ў стаўленні падрыхтоўкі пакетнай базы, ёсць і адрозненні па класе карыстачоў, якія яго выкарыстоўваюць.
Arch Linux не належыць да катэгорыі Linux-сістэм для ўсіх ахвотнікаў. Хоць гэта сістэма заснавана на прынцыпе прастаты? KISS ("рабі прасцей"), але гэта прастата не для "хатняй гаспадыні". У Arch гэта прастата? рэалізуецца з дапамогай адмовы ад спецыфічных для кожнага дыстрыбутыва ўтыліт канфігуравання ў карысць звычайных тэкставых файлаў і звычайнага каманднага радка. Гэта значыць набор прылад для налады сістэмы просты да немагчымасці - кансоль і кансольны тэкставы рэдактар.
Не цяжка здагадацца, што аматары Arch - гэта дасведчаныя лінуксоіды і адміністратары Linux-сістэм. Так як гэта катэгорыя карыстачоў сярод усіх лінуксоідаў складае вялікую частку, то ў топах папулярнасці Arch займае высокія пазіцыі і ўваходзіць звычайна ў дзясятку самых запатрабаваных UNIX-сістэм.
Абнаўленне пакетнай базы Arch адбываецца паводле прынцыпаў rolling release. Гэта значыць новыя версіі праграм увесь час трапляюць у рэпазітар дыстрыбутыва, і карыстачам не трэба чакаць абнаўлення ўсёй сістэмы, як, напрыклад, кожныя паўгады ў Ubuntu. У гэтым стаўленні Arch падобны на дыстрыбутыў Gentoo, а розніца толькі ў тым, што Arch грунтуецца на бінарных пакетах. Хоць ёсць магчымасць і зборкі праграм з зыходнікаў.
Асноўны ўсталявальны вобраз Arch Linux 2014.01.05 мае памер 553 мегабайта і з'яўляецца гібрыдным. Гэта значыць падыходзіць адначасова для архітэктур i686 і x86_64.
Прычым варта падкрэсліць, што ўсталявальны вобраз Arch Linux з'яўляецца ўсталявальным у тым сэнсе, што з яго дапамогай можна падрыхтаваць кампутар, запампаваць з Сеткі і ўсталяваць актуальныя версіі ядра, сістэмнага і прыкладнага ПЗ. З самаго усталявальнага врбраза нічога на кампутар усталявана не будзе. І наяўнасць Інтэрнэту - гэта абавязковая ўмова ўсталёўкі Arch нават у самай мінімальнай канфігурацыі.
Як ужо гаварылася вышэй, усталёўка Arch Linux з'яўляецца простай у тым сэнсе, што мае мінімальны ўзровень аўтаматызацыі працэсу ўсталёўкі. Адсутнічае нават усталявальнае псеўдаграфічнае меню, як у Slackware. Усю падрыхтоўку да ўсталёўкі прыйдзецца рабіць уручную пасродкам каманднага радка і праўкі конфігаў у тэкставым рэдактары, як для прыкладу паказана ніжэй на скрыншоце.
Вядома ж, увесь Інтэрнэт завалены інструкцыямі па ўсталёўцы Arch Linux. Адзінае, што варта ўлічваць, гэта неабходнасць выкарыстоўваць самыя апошнія па часе мануалы. Таму што ў кожнай версіі ўсталёўшчыка могуць быць свае асаблівасці ці праблемы. Напрыклад, ва ўсталёўшчыку Arch Linux 2014.01.05 зламаны аўтагенератар Grub.cfg, і трэба ўручную кіраваць /etc/default/grub, дапісаўшы туды параметр GRUB_DISABLE_SUBMENU=y. Таксама ў VirtualBox назіраецца праблема, калі пасля загрузкі сістэмы не з'яўляецца першая кансоль і трэба перамыкацца на другую, націснуўшы HOST + F2.
Асноўныя працэдуры ўсталёўкі Arch Linux:
- разметка і фарматаванне цвёрдага дыска;
- стварэнне асноўных каталогаў dev, proc, sys, etc, run, tmp;
- загрузка і ўсталёўка базавай сістэмы і пакетаў праз Інтэрнэт;
- усталёўка імя хаста;
- налада сістэмнай лакалі, параметраў віртуальнай кансолі, часу;
- усталёўка загрузніка GRUB.
У выніку гэтай працы вы атрымаеце мінімальную базавую сістэму, у якой няма нічога лішняга, і нават усюдыіснага Python няма. І гэту базавую сістэму можна ў далейшым сканфігураваць вылучна пад свае асабістыя запыты.
Асноўная прылада ўсталёўкі пакетаў у Arch Linux - гэта кансольны мэнэджар пакетаў pacman. Гэта ўтыліта вельмі падобная, напрыклад, на apt-get з Debian. Утыліта pacman таксама дазваляе вырашаць залежнасці пакетаў. Хоць яе асаблівасцю з'яўляецца мінімальная ўсталёўка залежнасцяў, вельмі шмат з якіх будзе прапанавацца ўсталяваць асобна. Гэты мінімалізм пакетнага мэнэджара зноў для таго, каб даць карыстачу найболей поўны кантроль над уласнай сістэмай.
З іншага боку гэты поўны кантроль патрабуе ведаў сістэмы. Нават усталёўка легкаважнай графічнай абалонкі LXDE запатрабуе праўкі сістэмных файлаў - адзін неасцярожны рух і сістэму прыйдзецца загружаць у рэжыме recovery.
Arch таксама мае падсістэму Arch Build System, якая падобная на парты ў BSD, што забяспечваюць зборку і ўсталёўку пакетаў з зыходнікаў. Пакеты могуць быць сінхранізаваны адной камандай, і можна нават перасабраць усю сістэму цалкам.
Arch Linux мае афіцыйны рэпазітар пакетаў і рэпазітар карыстачоў - AUR. Неафіцыйны рэпазітар AUR, які недаступны праз мэнэджар пакетаў pacman, дазваляе ўсім ахвотнікам уносіць у яго новыя пакеты, якія пасля праверкі даверанымі карыстачамі пазначаюцца як бяспечныя, а потым з цягам часу перасоўваюцца ў афіцыйны рэпазітар. Колькасць пакетаў у афіцыйным рэпазітары складае некалькі тысяч.
Youtube-dl 2014.01.08
Тэма спампоўкі відэа са спецыялізаваных відэасэрвісаў не раз разглядалася на сайце "КВ". Для гэтай мэты ў першую чаргу існуе мноства розных вэб-сэрвісаў, якія дапамагаюць спампоўваць відэа з Youtube, як, напрыклад, сэрвіс savefrom.net. Аднак у мяне відэа праз гэты сэрвіс загружаецца марудна, і я выкарыстоўваю адмысловыя ўтыліты, якіх існуе таксама нямала.
З такіх утыліт можна смела рэкамендаваць праграму youtube-dl, нягледзячы на тое, што яна кансольная і ў духу Arch Linux. Праграма маецца ў шматлікіх рэпазітарах дыстрыбутываў Linux. Маецца яе версія і для Windows (4,5МБ). Бягучая версія - youtube-dl 2014.01.08. Праграма распаўсюджваецца пад адкрытай ліцэнзіяй і бясплатная.
Youtube-dl - утыліта для загрузкі струменевага відэа з відэахосцінгаў, такіх як Youtube. Падтрымліваецца таксама вялікая колькасць іншых сэрвісаў: FaceBook, Instagram, MTV, NBA, NBCNews, Rutube, Space, Statigram, Steam, Vice, Vine, vk.com і іншыя. Поўны спіс можна паглядзець тут.
Гэта маленькая ўтыліта валодае вельмі вялікім функцыяналам. Напрыклад, можна задаць фармат і якасць файла, можна выняць аўдыёдарожку, ёсць магчымасць запампаваць плэйліст, маецца падтрымка проксі.
Запускаецца і працуе ўтыліта вельмі проста з каманднага радка.
$ youtube-dl http://www.спасылка-на-відэа
Ў выніку па змаўчанні запампуецца відэа ў самым якасным фармаце. Але можна абраць і іншыя магчымыя фарматы. Для гэтага спачатку трэба атрымаць пры дапамозе опцыі -F спіс усіх магчымых варыянтаў роліка.
$ youtube-dl -F http://www.youtube.com/watch?v=6hcEJNoH1ck [youtube] 6hcEJNoH1ck: Downloading video webpage [youtube] 6hcEJNoH1ck: Downloading video info webpage [youtube] 6hcEJNoH1ck: Extracting video information Available formats: 22 : mp4 [720x1280] 18 : mp4 [360x640] 43 : webm [360x640] 5 : flv [240x400] 17 : mp4 [144x176]
Пасля чаго пры дапамозе параметру -f з нумарам патрэбнага фармату спампоўваем відэаролік.
$ youtube-dl -f 5 http://www.youtube.com/watch?v=6hcEJNoH1ck [youtube] Setting language [youtube] 6hcEJNoH1ck: Downloading video webpage [youtube] 6hcEJNoH1ck: Downloading video info webpage [youtube] 6hcEJNoH1ck: Extracting video information [download] Destination: Прохождение мода Апокалипсис - Финал - Полная Зачистка Зоны.flv [download] 100.0% of 117.46MiB at 216.18KiB/s ETA 00:00
Для спампоўкі ўсяго плэйліста з Google Youtube адпаведна для youtube-dl перадаецца спасылка на плэйліст.
Некаторыя дадатковыя опцыі youtube-dl:
- -c - працягнуць спампоўку з месца раз'яднання. (Калі зачыніць запампоўку, а потым увайсці ў той жа каталог і выканаць тую ж каманду, яна пачнецца нанова);
- -i - ігнараваць памылкі;
- -t - пісаць назву запісу ў назву файла.
MPV 0.3.1
Лагічна завяршыць гэты агляд праграмай для прагляду відэа, якая таксама з'яўляецца кансольнай у стылі Arch Linux. Праектам MPV вядзецца распрацоўка новага адкрытага відэаплэера, пабудаванага на аснове кодавай базы MPlayer2.
MPlayer - гэта знакаміты выдатны стары плэер медыяфайлаў, які падтрымлівае вялікую колькасць фарматаў мультымедыя. З часам у кодзе MPlayer назапасілася шмат састарэлых кампанентаў, і з'явіўся форк MPlayer2, які імкнуўся даць MPlayer другую маладосць. Але з цягам часу MPlayer2 перастаў абнаўляцца, і з'явіўся яго форк MPV. Плэер MPV развіваецца шустра, і нядаўна была апублікавана новая версія.
Такм чынам MPV - гэта перароджаны MPlayer з усімі яго добрымі якасцямі. Ён прайгравае любое відэа, ад відэа з тэлефонаў і да запісаў са спадарожніка. Пры гэтым яму абсалютна не патрэбныя якія-небудзь "кодэкі" ў той жа Windows.
У яго вельмі просты інтэрфейс, дзе няма дзясяткаў укладзеных меню з сотнямі пунктаў, таму што ён кансольны. У першую чаргу MPV кіруецца клавіятурай. Практычна досыць запомніць некалькі клавіш: поўны экран - F, перамотка стрэлкамі налева-направа і PgUp - PgDn, гучнасць - клавішы 0 і 9. Пры навядзенні курсара на экран плэера з'явіцца таксама невялікая панэль кіравання мышшу.
На мой погляд, MPV з'яўляецца лепшым відэаплэерам для OpenSUSE, бо зборка VLC для гэтага дыстрыбутыва ў афіцыйных рэпазітарах не прайграе наогул нічога па нейкіх ліцэнзійных меркаваннях. А MPV інтэграваны ў кантэкстнае меню GNOME Nautilus і практычна вырашае ўсе праблемы з прайграваннем мультымедыя.
Міхаіл АСТАПЧЫК
Горячие темы