Новы навучальны год вось-вось пачнецца і для шмат каго надышла пара не толькі збіраць партфель у школу, але і абнавіць праграмы для арганізацыі хатняй бібліятэкі электронных кніг і электронных падручнікаў. Таксама да пачатку навучальнага года не перашкодзіць невялікі ўрок па інфарматыцы, дзе на прыкладзе навінак вольнага ПЗ навучымся шыфраванню дадзеных "на лёце". Бо вучыцца ніколі не позна.
Calibre да навучальнага года
З наступам новага навучальнага года пытанне праграмнага забеспячэння для арганізацыі хатняй бібліятэкі электронных кніг павінна цікавіць не толькі заўзятых кнігалюбаў, але і кожнага студыёзуса. Эпоха падручнікаў у лічбавым фармаце немінуча наступіць, хоць існуе яшчэ нямала праблем з фарматаваннем навучальнай літаратуры для электронных чыталак. Але, прынамсі, падборку класікаў беларускай літаратуры для класнага і пазакласнага чытання даўно ўжо можна складаць з кніг у лічбавым фармаце.
Найболей вядомай праграмай для стварэння электронных бібліятэк на персанальным кампутары з'яўляецца Calibre. 23 жніўня гэты каталагізавальнік лічбавых кніг абнавіўся да важнай мажорнай версіі - Calibre 1.0.
Calibre - шматфункцыянальны "швейцарскі нож" для арганізацыі на сваім ПК архіва лічбавых выданняў у розных фарматах. Гэта папулярнае прыкладанне з адкрытым зыходным кодам ужо разглядалася ў асобным артыкуле ў нас на сайце "КВ". Коратка пералічым яе магчымасці:
- арганізацыя на дыску бібліятэчнага архіва файлаў электронных кніг, якія, што назавецца, раскладваюцца па палічках;
- мульціфарматнасць, калі мноства аднолькавых кніг у розных фарматах прадстаўлены ў бібліятэцы як адна кніга;
- індэксацыя кніг па метададзеных і стварэнне рэестру ўсёй электроннай бібліятэкі;
- крос-платформеннасць і наяўнасць версій для Windows, Linux, MacOSX;
- наяўнасць канвертара, які дазваляе перакадаваць шматлікія фарматы электронных кніг;
- сінхранізацыя з немалым лікам праграмных і апаратных электронных чыталак;
- наяўнасць убудаванага праглядніка электронных кніг;
- убудаваны вэб-сервер кантэнту для выдаленага кіравання бібліятэкай;
- сістэма плагінаў, якія пашыраюць магчымасці прыкладання.
З іншага боку такая шырокая функцыянальнасць Calibre робіць гэту праграму не вельмі лёгкай для засваення. Гэта такі зваротны бок шырокіх магчымасцяў прыкладання. Напрыклад, каб эфектыўна скарыстацца ўсімі магчымасцямі ўбудаванага канвертара фарматаў, трэба добра разбірацца ва ўнутранай структуры гэтых фарматаў. Пакуль, нажаль, няма падрабязнага беларускамоўнага мануала па ўсіх тонкасцях працы гэтай праграмы. Магчыма, што для некаторых будзе дастаткова болей простых аналогаў Calibre - камерцыйных прапрыетарных AllMyBooks, Alfa eBooks Manager і вольных MyHomeLib і myRuLib.
Пералічым навінкі ў версіі Calibre 1.0. Мяркуючы па гэтых навінках, упор у развіцці праграмы робіцца на павелічэнне функцыянальнасці, хоць некаторыя жадалі б паляпшэння карыстацкага інтэрфейсу праграмы.
Аднак некаторыя інтэрфейсныя змены ў Calibre 1.0 усёткі ёсць. Напрыклад, у праграме з'явіўся новы сеткавы выгляд адлюстравання вокладак кніг. У лепшых традыцыях Calibre гэты тып адлюстравання з'яўляецца наладжвальным: можна рэгуляваць памер вокладкі, прастору паміж вокладкамі, абраць для адлюстравання назвы кнігі пад вокладкамі, змяняць колер фону.
У новай версіі Calibre перапісаны з нуля сервер базы дадзеных. Па словах распрацоўніка, новы код сервера стаў больш надзейным і хуткім.
У Calibre з'явіліся віртуальныя бібліятэкі, з дапамогай якіх можна падзяліць вялікі архіў на асобныя меншыя віртуальныя архівы. Віртуальныя бібліятэкі дазваляюць працаваць толькі з асобнай часткай усяго архіва.
Перакадавальнік Calibre абзавёўся функцыяй пераўтварэння дакументаў Microsoft Word DOCX, створаных у Word 2007+. Пераўтварэнне ажыццяўляецца з падтрымкай спісаў, табліц, малюнкаў, усіх выглядаў фарматавання тэксту, зносак і нават буквіц.
З'явіліся новыя крыніцы ў Сетцы для загрузкі метададзеных кніг. Напрыклад, каб знайсці кніжныя вокладкі, Calibre ажыццяўляе пошук у сэрвісах "малюнкі Google", Big Book Search, Edelweiss.
У Calibre 1.0 ажыццёўлена поўная падтрымка ўбудаваных шрыфтоў. Праграма можа сканаваць кампутар для пошуку ўсіх усталяваных шрыфтоў TrueType і OpenType і аўтаматычна ўстаўляць іх у выходны фармат кнігі, калі фармат, вядома, падтрымлівае такую магчымасць.
З'явіўся простая у выкарыстанні прылада для рэдагавання зместа кнігі, якое існуе, напрыклад, у фармаце EPUB. З дапамогай гэтай прылады рэдагавання ToC, можна лёгка змяніць парадак запісаў ці змяніць тэкст у існуючай табліцы зместу.
З'явілася новая прылада "паліроўка кнігі", якая дазваляе выконваць розныя аўтаматызаваныя дзеянні над электроннымі кнігамі, каб іх палепшыць у плане афармлення і ўдасканаленні метададзеных. Прылада "паліроўкі", у адрозненне ад пераўтварэння, не змяняе ўнутраную лагічную структуру і фарматаванне разметкі, а выкарыстоўваецца для ўкаранення шрыфтоў, абнаўленні метададзеных у файле кнігі, маніпуляцый з вокладкай і г.д.
Каб уключыць некаторыя з гэтых новых магчымасцяў, - паліроўку кніг, рэдагаванне зместа ToC, - трэба зайсці ў меню "Параметры - Панэль прылад". Тут з выпадальнага спісу можна абраць, напрыклад, галоўную панэль прылад і перацягнуць з левага акна ў правае абразкі патрэбных новых функцый. Пасля чаго гэтыя прылады з'явяцца ў галоўным меню прыкладання.
Шыфруемся "на лёце" з EncFSman
Зараз пасля ўсіх скандалаў з PRISM нават любы школьнік вам скажа, што ў наш час татальнага шпіянажу трэба ўмець шыфравацца на кампутары - хоць бы ад настаўніка ў школе, ад жонкі ў хаце ці ад боса на працы. І для гэтай актуальнай справы існуе нямала ўтыліт, у тым ліку з адкрытым кодам і бясплатных. Напрыклад, у склад практычна кожнага дыстрыбутыва Linux уваходзіць праграма EncFS, якая дазваляе стварыць зашыфраваную файлавую сістэму ў карыстацкай файлавай прасторы.
EncFS - крыптаграфічная файлавая сістэма "на лёце", заснаваная на FUSE - адмысловым сістэмным модулі для стварэння карыстацкіх файлавых сістэм. Асноўным адрозненнем EncFS, напрыклад, ад аналагічнай па прызначэнні праграмы TrueCrypt з'яўляецца выкарыстанне шыфраваных каталогаў замест шыфраваных кантэйнераў. Гэта дазваляе проста і без адмысловых нейкіх хітрыкаў зашыфраваць любы даступны карыстачу каталог, выкарыстоўваючы розныя даступныя носьбіты дадзеных, у тым ліку і каталогі на "хмарных" сэрвісах накшталт Dropbox.
EncFS існуе не толькі для UNIX-сістэм, але маецца эксперыментальная версія для Windows. Праўда, гэта версія не ўтрымоўвае ў сабе дадатковых модуляў, неабходных для яе працы, і іх трэба ўсталёўваць асобна, як гэта робіцца ў Linux-сістэмах.
Прынцып працы EncFS не складаны. Для шыфравання "на лёце" праграма стварае звязак двух каталогаў. Пры памяшканні дадзеных у адзін каталог, яны будуць аўтаматычна з'яўляцца ў зашыфраваным выглядзе ў іншым злучаным каталогу.
Выглядае гэты працэс прыкладна так:
$ encfs ~/private ~/publik
У выніку гэтай каманды ў хатняй дырэкторыі каталог private, прызначаны для захоўвання зашыфраваных дадзеных, будзе злучаны з каталогам publik. Калі перамясціць, скапіяваць ці змяніць у publik якія-небудзь дадзеныя, то яны аўтаматычна з'явяцца ў зашыфраваным выглядзе ў каталогу private. Падчас стварэння звязцы каталогаў EncFS запытае пароль, якім будзе ў сваю чаргу закадаваны ключ шыфравання дадзеных, а сам закадаваны ключ будзе ляжаць у каталогу private з імем .encfs6.xml. Пасля завяршэння шыфравання звязак можна размантаваць.
$ fusermount -u ~/publik
У выніку незашыфраваныя дадзеныя ў тэчцы publik знікнуць, і застануцца толькі ў зашыфраваным выглядзе ў каталогу private. Каб ізноў атрымаць доступ да гэтых дадзеных, трэба зноў камандай encfs звязаць каталогі, пры дапамозе зададзенага ў першы раз паролю.
Праграма EncFS кансольная і не такая ўжо складаная ў выкарыстанні. Але не перашкодзіў бы да яе і графічны інтэрфейс. Такія інтэрфейсы існуюць - напрыклад, аплет Cryptkeeper для асяроддзя GNOME Linux. Ёсць і больш універсальны графічны інтэрфейс для EncFS, які завецца EncFSman. Гэта прыкладанне з'явілася каля года назад і ў жніўні дасягнула запаветнай мажорнай адзінкі ў нумары версіі - EncFSman 1.01.
Праграма EncFSman, якая прэтэндуе на крос-платформеннасць, напісана на Python, адпаведна патрабуючы ўсталяваных загадзя ў сістэму інтэрпрэтатара Python >= 2.7, модуля wxPython >= 2.8, модуля python-keyring і непасрэдна праграмы EncFS. Гэта справядліва і для сістэмы Windows: працоўны архіў EncFSman не ўтрымоўвае ў сабе дадатковых вонкавых модуляў, неабходных для працы.
Акно графічнага інтэрфейсу EncFSman падзелена на дзве часткі. У верхняй частцы прадстаўлены звязкі каталогаў для шыфравання "на лёце". А ў ніжняй адлюстроўваюцца логі працы самай утыліты EncFS. Звязак каталогаў ствараецца праз меню "Edit - Add mapping". Пасля чаго адчыніцца акно для выбару дзвюх каталогаў для злучэння, а таксама ўсталёўкі пароля для гэтай звязцы. Такіх звязак можна зрабіць некалькі. Наступнае мантаванне і размантаванне звязкаў каталогаў ажыццяўляецца адпаведна праз меню "Options - Mount/Unmount".
У EncFSman ёсць магчымасць адлюстравання праграмы ў выглядзе абразка ў сістэмным трэі. Але, напрыклад, у бягучай версіі Ubuntu Unity гэта магчымасць у мяне не зарабіла, нажаль.
Міхаіл АСТАПЧИК
Горячие темы