Беларускі софт #14

Адна прылада і тры гульні

Прывітанне! Ізноў з вамі, паважаныя, рубрыка "Беларускі софт", якая расказвае чытачам "Кампутарных вестак" аб праграмах, распрацаваных праграмістамі з нашай рэспублікі. Сёння нас з вамі чакаюць некалькі зручных прылад, якія спатрэбяцца шматлікім карыстальнікам Windows, а таксама першыя ў рубрыцы кампутарныя гульні, створаныя, зразумела, спецыялістамі з Беларусі.


Scheduler 3 the Scriptable

Калі набраць у адрасным радку iнтэрнэт-аглядальніка адрас www.cherryware.org, то вы патрапіце на сайт Ігара Шчэрбіча, на якім змешчаны дзве распрацаваныя iм праграмы. Першая з гэтых праграм - Scheduler 3 the Scriptable, і коратка сказаць пра яе можна наступнае: гэта вельмі добры планіроўнік задач пад Windows, які дазваляе задаваць цыклічнае выкананне нейкіх дзеянняў і іх аўтаматызацыю пры дапамозе скрыптоў (гэта значыцца, такіх невялічкіх праграмак, якія піша сам карыстальнік).

Важыць архіў з праграмаю каля сямі сотняў кілабайтаў, пры гэтым спецыяльнай усталёўкі Scheduler 3 не патрабуе: дастаткова распакаваць гэты архіў цалкам у нейкую папку і запусціць Scheduler3.exe.

Сінтаксіс убудаванага ў Scheduler 3 скрыптавага інтэрпрэтатару падобны да JavaScript'у. У скрыптах можна ўжываць пераменныя і функцыі. Кожная функцыя павінна датычыцца аднаго з плагінаў для праграмы. У стандартнай пастаўцы знаходзіцца чатырнаццаць розных функцый, асноўныя з якіх такія: запуск прыкладання, стварэнне працэсу прыкладання, стварэнне папкі, выключэнне кампутару, перагрузка кампутару, праца з датамі, нагадванне аб падзеі. Да таго ж на сайце можна спампаваць дадатковыя плагіны. А калі і сярод іх няма патрэбнай функцыі, аўтар прымае заяўкі на стварэнне новых плагінаў для праграмы. Акрамя гэтага, у інтэрпрэтатар убудаваны перадпрацэсар, які дазваляе ўжываць канстанты і дынамічна мяняць тэкст скрыпта. Напрыклад, гэткім чынам: string command = "rar.exe a D:\${day:2}.${month:2}.${year:4}.rar"; пяройдзе ў string command = "rar.exe a D:\19.04.2006.rar";. Падчас працы праграма запісвае ўсе выкананыя заданні ў часопіс падзей, пры гэтым запісвае даволі падрабязна. З іншых асаблівасцяў хочацца зазначыць падтрымку перакладу інтэрфейсу на розныя мовы (зараз прысутнічаюць пераклады на англійскую, рускую, беларускую і ўкраінскую).

Каму можа спатрэбіцца такая праграма? Самае відавочнае - тым, хто павінен праз нейкія пэўныя інтэрвалы часу рабіць рэзервовыя копіі сваёй працы. А гэта значыць, амаль што ўсім.


Pent

А вось і першая гульня з абяцаных сёння. Яна створана для мабільных тэлефонаў і з'яўляецца варыяцыяй на тэму "Тэтрыса", таму, пэўна, зацікавіць многіх карыстальнікаў мабільнага тэлефону з шэрагаў нашых чытачоў. Знайсці яго ў iнтэрнэце можна там жа, дзе і першую праграму.

Вось што піша пра свой прадукт сам аўтар: "Пент - адна з разнавіднасцяў класічнага Тэтрыса. Галоўным і адзіным адрозненнем з'яўляецца наяўнасць яшчэ аднаго элемента ў фігуры. Гэта значыць, фігура складаецца не з чатырох, а з пяці элементаў. Мэта гульні такая жа як і ў класічным Тэтрысе. Дадатковы элемент істотна ўскладняе гульнявы працэс. Гурманы ацэняць..."

Вось, уласна кажучы, і усё, што можна сказаць пра гэтую гульню. Таму пойдзем далей, да наступнай гульні.


Камікадзэ

Гэтае слова перакладаецца з японскай мовы як "боскі вецер". Так японцы назвалі вецер, што знішчыў флот, дасланы Кітаем у часы Марка Пола з мэтаю захопу і рабавання Японіі. У гады Другой сусветнай вайны гэты тэрмін ужываўся для абазначэння японскіх авіятараў, якія ахвяравалі сабой для знішчэння варожай тэхнікі і войскаў. А сёння я хачу прадставіць вам гульню - не, не японскую, а беларускую, - якую даслаў мне на маю электронную паштовую скрыню адзін з чытачоў нашай газеты.

Спампаваць гэтую гульню можна па наступнай спасылцы: igrun.com/fishki/kamikaze.exe. Важыць яна зусім няшмат.

Правілы гульні надзвычай простыя. Ёсць поле памерам 5 на 10 клетачак, у кожным з шэрагаў можа быць размешчана па адной міне (такім чынам, згодна з тэорыяй імавернасці, імавернасць патрапіць на яе для аднаго шэрагу з дзесяці роўная адной пятай). Гулец павінны прайсці да самага верху, ніводнага разу не патрапіўшы на міну. Нельга сказаць, што гульня занадта інтэлектуальная, але ж досыць азартная.


Поле цудаў

Няма, пэўна, на постсавецкай прасторы тэлевізійнай гульні, больш папулярнай за "Поле цудаў". Адзін з нашых з вамі землякоў стварыў iнтэрнэт-версію гэтага "капітал-шоў", якую можна знайсці па адрасу www.belssoft.jino-net.ru/game. Ад традыцыйнай гульні гэтая адрозніваецца адсутнасцю Якубовіча, барабану, прызоў і прыгожых дзяўчын-памагатых. Але ж сутнасць засталася: трэба па зададзенай падказцы адгадаць слова, на што даецца пэўная колькасць спробаў, якая залежыць ад колькасці літар у зададзеным слове. Каб гуляць, рэгістрацыя не патрэбная. Увогуле, досыць карысная рэч, каб забіць "вольны" час на працы і пры гэтым трошкі самастойна адукавацца.

Што ж, пакуль што досыць. Спадзяюся, вам спадабаюцца (калі яшчэ не спадабаліся) праграмы, пра якія я толькі што вёў свой расповед. А калі не - што ж, у вас ёсць шанец падзяліцца тым беларускім праграмным забеспячэннем, якое падабаецца асабіста вам. Для гэтага трэба толькі не заленавацца і даслаць мне спасылку на гэтыя праграмы (мой электронны паштовы адрас: dreamdrusch@tut.by). Пішыце. Краіна павінна ведаць імёны сваіх майстроў.

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

43 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!