Беларускі софт #11

Дзень добры, шаноўныя. Сёння мы працягнем нашу размову, якую вядзем ужо колькі нумароў "Кампутарных вестак", - размову аб праграмах, створаных распрацоўшчыкамі з Беларусі. Сённяшні артыкул, у адрозненні ад папярэдняга, я вырашыў прысвяціць не адной вялікай праграме, а некалькім параўнальна малым. Спадзяюся, яны будуць для вас карыснымі.


PocketAlarm

Калісьці ў артыкуле пра геаінфармацыйныя сістэмы я ўжо ўзгадваў некалькі цікавых прыладаў для ўладальнікаў смартфонаў і кішэнных кампутараў. Але ж тыя праграмы маглі спатрэбіцца толькі жыхарам сталіцы нашай краіны, бо былі проста электроннымі мапамі гораду. Праграма, пра якую я зараз вам раскажу, спатрэбіцца не толькі мінчанам і нават не толькі жыхарам Беларусі. Хаця напісаў яе жыхар Менску, Сяргей Хмарук, якому за яе вялікі дзякуй.

PocketAlarm - гэта будзільнік для КПК на платформе PocketPC. Знайсці праграму можна ў iнтэрнэце па адрасу pocketalarm.iit-bsuir.com і спампаваць, канешне ж, таксама адтуль жа. Вага архіва з праграмаю ад двухсот кілабайтаў да мегабайта з чвэрцю, у залежнасці ад колькасці тых мультымедыйных фарматаў, якія праграма падтрымлівае. Самая малая версія падтрымлівае толькі WAV'ы, самая вялікая таксама ўмее прайграваць MP3 і OGG.

Не гледзячы на тое, што для тых, хто карыстаецца рускамоўнай версіяй, праграма бясплатная (беларускамоўную версію аўтар чамусьці не стварыў), магчымасці PocketAlarm здольныя задаволіць нават самага патрабавальнага карыстальніка. Праграма можа нагадваць карыстальніку аб неабмежаванай колькасці нейкіх падзей, пры гэтым можна выставіць напамінак на кожны месяц ці кожны дзень, ці нават на асобныя дні тыдню. Напамінак можна адкласці, калі ў гэтым ёсць патрэба. Налады прайгравання музыкі для нагадвання аб падзеях таксама, здаецца, неблагія: акрамя таго, што падтрымліваецца некалькі папулярных фарматаў музычных файлаў, прычым прайграць іх можна і з карты памяці, праграма можа выпадковым чынам выбіраць файлы з зададзеных каталогаў, паступова падвышаць гучнасць да зададзенага ўзроўню. Магчыма нават задаць праграме, каб замест прайгравання мелодый яна прамаўляла бягучы час. Ці каб проста яго прамаўляла кожныя некалькі хвілін.

З праграмай можна працаваць не толькі праз графічны інтэрфейс карыстальніка, але і праз камандны радок. Яна мае даволі гнуткія налады часу: акрамя звычайных тыдняў, умее працаваць з так званымі студэнцкімі, што зроблена спецыяльна для студэнтаў тых ВНУ, дзе навучанне вядзецца па тыдням. Калі ж вы працуеце не па звычайнаму тыднёваму графіку, а, напрыклад, суткі праз трое, то PocketAlarm здольны падпарадкавацца і такому рэжыму: дастаткова выставіць часавы цыкл працягласцю чатыры дні, і ўжо потым настройваць напамінкі.

Гледзячы на гісторыю версій праграмы, можна сказаць, што аўтар не пакідае працы над сваёю распрацоўкай, таму можна чакаць яе далейшага паляпшэння як у плане функцый, якія яна падтрымлівае, так і ў плане выпраўлення памылак. Пажадаем яму паспеху.


FindFilm

Наступная праграма, напэўна, першая з нашых аглядаў, якая не мае свайго трывалага "месца жыхарства" у iнтэрнэце. Мне даслалі яе на электронную паштовую скрыню з наступным каментарыям: "Вось вырашыў вам напісаць ліст пра праграму, якую больш-менш актыўна юзае наша сець. Гэтая праграма FindFilm, як бачна з назвы, шукае фільмы, кліпы, музыку і іншыя файлы па лакальнай сетцы. У гэтай праграмы няма сайта, але, здаецца, зроблена яна кімсьці з БГУІРА". З той прычыны, што сайт адсутнічае, я дам e-mail, які ўказаны ў акне "Аб праграме": zg@tut.by. Асабіста я на яго не пісаў, таму, калі што, пішыце мне, я вам яе вышлю. Важыць яна зусім няшмат, таму не бойцеся турбаваць аўтара - мабыць, у яго ёсць значна больш новая версія, чым тая, пра якую я вам распавяду.

Цалкам назва гэтай праграмы выглядае наступным чынам: "LAN File Search & Copy Project FindFilm BSUIR Hostel 1 Edition beta 13". Як ужо сказаў аўтар ліста, які я атрымаў, асноўнае месца дзейнасці праграмы - лакальная сетка. Файлы, якія можна шукаць, падзеленыя на наступныя катэгорыі: фільмы, музыка, кліпы, інсталяцыйныя пакеты, гульні і кнігі. Спісы знойдзеных файлаў можна захоўваць на дыск ці друкаваць на друкарцы. Пры гэтым можна адразу спампаваць патрэбныя файлы, што сапраўды зручна.

Сустракаюцца ў праграме і недарэчнасці. Напрыклад, калі выклікаць з меню "View" (а інтэрфейс праграмы выкананы цалкам на англійскай мове) пункт "Options", то на экране з'яўляецца акно, на якім ёсць толькі дзве кнопкі: "OK" і "Cancel". Але ўсё астатняе, здаецца, добра. Таму не лянуемся пісаць аўтару, каб той дасылаў праграму ўсім зацікаўленым асобам.

Што ж, пакуль што, здаецца, досыць. Не надта вялікі атрымаўся гэты артыкул, але, думаю, праграмы сапраўды карысныя. Дасылайце мне спасылкі на праграмы, распрацаваныя ў Беларусі, на адрас dreamdrusch@tut.by. Краіна павінна ведаць тых, хто працуе для яе кампутарных карыстальнікаў!

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

36 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Комментарии

Аватар пользователя Инкогнито
>>зроблена яна кімсьці з БГУІРА

гэта.. з БДУIРа мабыць?

Аватар пользователя Вадзім Станкевіч
Арфаграфія ліста захавана ў арыгінале. Напэўна, БДУІР. Я ня ведаю.
Аватар пользователя Мікола
канешне БД[зяржаўны]УІР
Аватар пользователя Заклапочаны
Трэба ня толькi "хаваць", але ж думаць i ведаць таксама трэба!
Аватар пользователя Вадзім Станкевіч
Прымаецца.
Аватар пользователя Арчибальд Моисеевич
2 Заклапочаны

Я прочитал слово "хаваць" как "хАваць".

А Вы наверно имели в виду "хавАць"?

Забавно получилось :)

ЗЫ наверно правильно "захоуваць".