Геаінфармацыйныя сістэмы
Геаінфармацыйная сістэма - сукупнасць праграм і данных, якія ў выніку з'яўляюцца электроннай мапаю нейкай мясцовасці. Звычайна такія сістэмы бываюць электроннымі мапамі нейкіх населеных пунктаў, радзей - цэлых краін, а ёсць нават геаінфармацыйныя сістэмы сусветнага маштабу.
Думаю, зразумела, што попыт на геаінфармацыйныя сістэмы вялізарны ва ўсім свеце. Мапы патрэбныя амаль усім: ваенным, географам, сіноптыкам, ды нават і простым жыхарам часам таксама. Наша краіна ў гэтым сэнсе зусім не выключэнне з сусветнага правілу, таму геаінфармацыйныя сістэмы ёсць і ў Беларусі. Пра іх мы з вамі, паважаныя чытачы, зараз і пагаворым. Пры гэтым будзем разглядаць толькі тыя, якія маюць шырокую спецыялізацыю і карысныя для ўсіх нашых чытачоў.
Прадукты кампаніі "ЛБЛ-Інвест"
Думаю, нашым чытачам добра вядомыя прадукты гэтай фірмы, больш знаёмай пад брэндам "Эсма". Афіцыйны сайт: www.esmasoft.com. Жыхары сталіцы добра знаёмыя з праграмаю CityInfo, якая з'яўляецца добрым памагатым у тых выпадках, калі трэба высветліць, на якім маршруце транспарту можна кудысьці даехаць ці даведацца, у якім раёне знаходзіцца патрэбны адрас. Таксама карыстаецца попытам і іншая распрацоўка гэтай жа фірмы, электронная мапа Беларусі. З-за вядомасці ў шырокіх колах пра гэтыя прадукты і пра іх распрацоўшчыкаў "Кампутарныя Весткі" ужо неаднойчы пісалі, таму падрабязна пра іх я зараз расказваць не буду. Але ж не ўзгадаць такія прадукты у гэтым артыкуле было проста нельга.
"Менск на далонях"
Не, зараз маецца на ўвазе не назва бясплатнай газеты, якую распаўсюджваюць сярод жыхароў нашай сталіцы яе выдаўцы. "Менск на далонях" - гэта праграма для кішэнных персанальных кампутараў (КПК), якая з'яўляецца электроннаю мапаю Менску. Пра яе ў "КВ" таксама ўжо пісалі, але ж даволі даўно таму, і, думаю, нагадаць пра яе будзе няблага. Фактычна, гэта аналаг CityInfo для КПК на платформах PocketPC і PalmOS. Сайт гэтага прадукту такі: moh.esmasoft.com.
Аўтары праграмы, як напісана на сайце, студэнты факультэта прыкладной матэматыкі БДУ, лепшага ВНУ нашай краіны. Дарэчы, вось спасылка на цікавае інтэрв'ю з імі: www.test-the-best.by/epmttb/art_peo070405_1.jsp. Але ж, гледзячы на тое, што апошняя навіна на сайце мае дату 21.04.2005, я чамусьці думаю, што распрацоўшчыкі ўжо паспелі за гэты час скончыць ВНУ і таму страцілі цікаўнасць да праекту. А шкада, бо праект сапраўды актуальны і цікавы, асабліва зараз, калі КПК сталі набывацца ўсё большай колькасцю людзей. Але распрацоўшчыкі чамусьці не карыстаюцца момантам.
Гэтая электронная мапа створаная таксама не без удзелу "ЛБЛ-Інвесту", пра што сведчыць надпіс на тытульнай старонцы сайту ды нават і сам адрас сайту праграмы. Распрацавалі ж гэтую прыладу з дапамогаю Microsoft eMbedded Visual C++ 3.00. Гледзячы на гісторыю распрацоўкі, разумееш, што праграма прайшла даволі доўгі шлях перад апошняй (спадзяюся, не самай апошняй) версіяй. Таму будзем чакаць "абуджэння" распрацоўшчыкаў і працягу працы над гэтай прыладай.
Mappy
Дарэчы, "Менск на далонях" - не адзіная мапа гэтага горада, прызначаная для ўладальнікаў КПК. Прадукт, пра які зараз раскажу - спроба перанесці карту Менску з праграмы CityInfo на платформу Palm. Удалая спроба ці не, судзіць вам, паважаныя чытачы.
Для працы праграмы трэба мець КПК з усталяванаю PalmOS 3.5 ці вышэй. А спампаваць Mappy можна адсюль: www.zaval.org/products/mappy. Самая цікавая старонка на сайце стваральнікаў гэтай праграмы - гэта планы на будучыню. Плануецца столькі, што проста здзіўляешся, як такое ўвогуле можна зрабіць. Але ж планы планамі, а апошняя версія таксама адносіцца да вясны мінулага году, так што нельга сказаць, што аўтары так ужо імкнуцца свае планы выканаць. Але ж нават у тым стане, у якім Mappy знаходзіцца зараз, яна падаецца вельмі карыснаю для тых, у каго ёсць КПК Palm.
Belcity.info
Гэты праект быў распачаты з мэтаю стварыць геаінфармацыйныя сістэмы для іншых гарадоў нашай краіны, таму што там таксама існуе істотная патрэба ў гэткіх распрацоўках. Але ж праект відавочна распачаты не так даўно, бо зараз на сайце можна знайсці карту толькі аднаго горада нашай краіны - Магілёва. Распрацавана яна фірмай "Аміком" і ІП Тамукевіч С.В.
Важыць мапа Магілёва даволі мала - каля чатырох мегабайтаў. Спампаваць яе можна з сайту www.belcity.info ці з www.mogilevinfo.com. Інтэрфейс гэтай прылады зручны, але ёсць і недахопы. У параўнанні з геаінфармацыйнай сістэмай CityInfo, "МагілёўІнфа" мае не такую падрабязную мапу: адлюстроўваюцца далёка не ўсе дамы, не ўсе вуліцы маюць подпісы, адсутнічае схема гарадскога транспарту. Таму ў якасці геаінфармацыйнай сістэмы выкарыстоўваць "МагілёўІнфа" не заўсёды зручна. Але ж праграма мае і свае плюсы, якія адсутнічаюць і менскай геаінфармацыйнай сістэме. Напрыклад, значна больш прыемная сістэма навігацыі і пошуку, а таксама даведнік прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада. Увогуле ж, пэўна, лепш пра праграму скажа статыстыка, якую падводзяць самі яе распрацоўшчыкі.
Вуліц на схеме: 652; будынкаў на схеме: 2772; рубрык у даведніку: 214; фірм і арганізацый у даведніку: 1910; нумароў тэлефонаў у даведніку: 2245; электронных паштовых скрынь: 96; web-адрасоў: 100; наведванняў сайту праекта, у суткі: 70; запамповак праграм, у сярэднім у суткі: 50; аб'ём выходнага трафіку, у сярэднім у суткі: 140 Мб.
Пры гэтым далейшыя намаганні, па словах распрацоўшчыкаў, будуць прыкладацца ўбок далейшага паляпшэння менавіта даведніка. Аператыўнасць працы аўтараў праекту выклікае павагу: новыя версіі выходзяць штомесяц. Не так даўно, дарэчы, яны атрымалі ліцэнзію на права займацца картаграфічнай дзейнасцю, таму, спадзяюся, выправіцца сітуацыя і з мапаю горада. Таксама на сайце анансаваны выхад праграмы "ГомельІнфа" - геаінфармацыйнай сістэмы для Гомеля. Так што праект не стаіць на месцы, а мы з вамі будзем чакаць новых распрацовак ад яго аўтараў. Але ж асабіста мне хацелася б выказаць пажаданне дадаць падтрымку беларускамоўнага інтэфрейсу.
Анлайнавая ГІС
На сайце www.emaps-online.com размешчана адзіная ў Беларусі анлайнавая геаінфармацыйная сістэма. Увогуле, гэты праект, як і папярэдні, - штосьці большае за простую геаінфармацыйную сістэму. На сайце можна даведацца пра тэлефонныя коды і паштовыя індэксы розных гарадоў кожнай вобласці, пазнаёміцца з гісторыяй і гербам кожнага горада.
Мапы на сайце - гэта увогуле асобая размова. Таму што створаны яны дзяржаўным камітэтам па геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь. На сайце прысутнічаюць карты гарадоў, абласцей і раёнаў, а таксама падрабязная схема трасы Брэст-Масква. Усяго на сайце размешчаны карты больш пяцідзесяці населеных пунктаў, некаторыя - у фармаце GIF, а некаторыя - у SWF (Macromedia Flash). Таксама на сайце можна вылічыць адлегласць паміж дзвюма населенымі пунктамі ці прагледзіць схемы гарадскога транспарту некаторых гарадоў.
Распрацоўшчыкі прымаюць удакладненні мапаў наконт нейкіх недарэчнасцяў, знойдзеных карыстальнікамі. Але больш уражвае тое, што распрацоўкай і падтрымкай гэтага выдатнага сайту займаюцца ўсяго толькі два чалавекі: Сяргей Гарбуноў і Сяргей Дудзін. Вялікая ім падзяка і павага.
Што ж, гэта, мабыць, усе даступныя звычайнаму карыстальніку геаінфармацыйныя сістэмы, якія існуюць у нашай краіне. Ва ўсялякім разе я расказаў пра ўсе тыя з іх, якія здолеў знайсці і iнтэрнэце. Як бачыце, іх зусім няшмат, і гэта не вельмі добра. Таму я хачу звярнуць увагу распрацоўшчыкаў праграмнага забеспячэння, што геаінфармацыйная сістэма можа стаць даволі выгаднай распрацоўкай. Часта ў стварэнні геаінфармацыйнай сістэма зацікаўлена адміністрацыя населенага пункта, таму можна паспрабаваць дамовіцца стварыць такую сістэму за грошы адміністрацыі. Акрамя таго, як сведчыць вопыт ужо існуючых ГІС, з іх дапамогай можна зарабляць грошы на рэкламе, якую можна размесціць на самой мапе ці банерах у акне прагляду мапы. Геаінфармацыйныя сістэмы - адзін з самых перспектыўных відаў праграмнага забеспячэння на беларускім рынку, і не трэба пра гэта забываць.
А калі ж я ўсё ж такі памыляюся, і ў гэтым артыкуле разгледжаны не ўсе геаінфармацыйныя сістэмы шырокага прызначэння, якія створаны беларускімі распрацоўшчыкамі, то прашу вас выкраіць хвіліну-другую, каб даслаць мне ліст на адрас [email protected], у якім прыслаць спасылку на сайт, дзе размешчана невядомая мне геаінфармацыйная сістэма. Ды й увогуле, шаноўнае спадарства, калі ласка, дасылайце мне спасылкі на праграмнае забеспячэнне, распрацаванае ў Беларусі. Краіна павінна ведаць сваіх праграмістаў.
Вадзім СТАНКЕВІЧ
Комментарии
http://map.gurtam.by/