Беларускі софт #5. HTM2CHM і SaveCHM

Дзень добры, шаноўныя. Сёння мы з вамі працягнем разглядаць праграмы беларускіх распрацоўшчыкаў. І як вы, пэўна, ужо пазналі з загалоўку артыкула, пагутарым пра дзве цікавыя бясплатныя прылады. Яны створаны Яраславам Кірылавым і абедзве могуць быць карыснымі і звычайнаму карыстальніку, і web-майстру, і праграмісту. Датычацца яны працы з файламі фармату Microsoft HTML Help (CHM). Што гэта за файлы? Фактычна, гэта аб'яднаныя ў адзін файл HTML-старонкі і даданыя да іх файлы (у асноўным, малюнкі). Звычайна файлы ў фармаце CHM з'яўляюцца файламі дапамогі да нейкага праграмнага сродку. Гэтыя файлы карысныя тым, што іх больш зручна захоўваць і пераносіць, таму што няма шматлікіх малых файлікаў, якія звычайна суправаджаюць HTML-старонкі. Да таго ж CHM можна праглядаць стандартнымі сродкамі аперацыйнай сістэмы Windows любой версіі, пачынаючы з 98-й.

Каб карыстацца CHM-файламі, трэба іх спачатку зрабіць з дапамогаю нейкай праграмы. І такіх праграм вельмі шмат, толькі яны звычайна прафесійныя, вялікія і даволі дарагія. Пра некаторыя з іх (Help & Manual, RoboHelp Office) я ўжо расказваў на старонках "Кампутарных Вестак". Карыстацца імі звычайнаму чалавеку не заўсёды зручна, а праграмаю Microsoft HTML Help Workshop, якую прапаноўвае карпарацыя "Майкрасофт", тым больш. Таму звернем сваю ўвагу на прыладу HTM2CHM, першую ў нашым артыкуле. Атрымаць яе можна на сайце yarix.by.ru, вага яе дыстрыбутыву складае ўсяго трохі больш за 700 кілабайтаў.

Як гаворыць сам аўтар, яго праграма прызначана для тых карыстальнікаў, хто жадае навесці парадак сярод сваіх дакументаў; web-майстраў, якія жадаюць стварыць афлайн-версію свайго сайту, а таксама для распрацоўшчыкаў, якія жадаюць стварыць для сваёй праграмы дапамогу ў фармаце CHM. Ствараць CHM-файлы з дапамогаю гэтай прылады сапраўды вельмі проста: у галоўным акне праграмы трэба выбраць піктаграму з подпісам "Compiler" (як бачна па ілюстрацыі, усе напісы ў праграмах выкананы на англійскай мове, а наша, на жаль, не падтрымліваецца). У акне, якое пасля гэтага з'явіцца на экране, трэба запоўніць наступныя тэкставыя палі. "Folder" - папка, файлы з якой трэба сабраць у CHM. "Preset" - адзін з трох магчымых выглядаў атрыманага у выніку CHM-файлу (магчымыя варыянты выгляду такія: "Downloaded website" - афлайн-версія сайту, "Help" - файл дапамогі для нейкай праграмы, "Saved page" - проста захаваная з усімі дадатковымі файламі HTML-старонка). "Title" - загаловак акна, у якім будзе адлюстроўвацца захаваная ў фармаце CHM інфармацыя, "Home" - файл, які будзе адлюстроўвацца першым, "Output" - імя CHM-файлу, які атрымаецца на выхадзе. Да таго ж можна ўказаць, якое расшырэнне атрымае файл: CHM для дапамогі ці ITS для набору iнтэрнэт-старонак. Калі націснуць "Remember", праграма захавае налады, і ў наступны раз трэба будзе толькі прызначыць новыя ўваходныя і выхадны файл. Пабудова CHM-файлу праходзіць даволі хутка.

На гэтым магчымасці HTM2CHM не вычэрпваюцца. Калі вы хочаце стварыць дапамогу для свайго праграмнага сродку, то вылучыце ў асноўным акне піктаграму "Generator". Тады праграма аўтаматычна створыць спіс тэмаў і слоў для пошуку ў CHM-файле. Але гэтыя спісы можна адрэдагаваць і ўручную. Для гэтага трэба вылучыць у галоўным акне праграмы пункт "Editor". Дарэчы, рэдагаванне ўсё ж такі не зусім уручную: у спіс можна дадаваць файлы, перацягваючы іх з акна, падобнага да "Правадыра" Windows.

З дапамогаю HTM2CHM магчыма не толькі ствараць CHM-файлы, але і ператвараць іх у набор HTML і іншых файлаў. Гэты працэс называецца дэкампіляцыяй. Каб ажыццявіць яго, трэба выбраць піктаграму з подпісам "Decompiler". У акне, якое пасля гэтага з'явіцца, трэба увесці імя файлу, які вы хочаце "разабраць", і імя папкі, куды маюць быць складзеныя атрыманыя ў ходзе гэтага працэсу файлы.

Увогуле, акрамя бездакорнай працы, хацелася б асобна адзначыць такі момант, як афармленне і знешні выгляд HTM2CHM. Ён выкананы на самым высокім узроўні і нават, я бы сказаў, радуе вока, пры гэтым не перашкаджаючы працаваць. Дадаткова да ўсяго гэтага, праграма ўмее інтэгравацца ў кантэкстнае меню сістэмы. Гэта значыць, што канвертаваць папку з файламі ў фармат CHM можна, клікнуўшы на ёй правай кнопкай мышы і вылучыўшы "Compile to CHM". Да праграмы прыкладаецца добрая сістэма дапамогі, але, на жаль, на англійскай мове.

А цяпер колькі слоў пра другую праграму спадара Кірылава, імя якой - SaveCHM. Гэты плагін для браўзера Internet Explorer (іншыя браўзеры, у ліку якіх і мая любімая Мазіла, на вялікі жаль, не падтрымліваюцца). Спампаваць яго можна з таго ж сайту, што і першую праграму, а важыць SaveCHM яшчэ менш за HTM2CHM - усяго толькі 500 кілабайтаў. Пасля ўсталёўкі ў меню Internet Explorer'у, якое выклікаецца праваю кнопкаю мышы, з'явіцца пункт "Save CHM". Калі вы клікніце па гэтаму пункту, то зможаце захаваць цалкам толькі што спампаваную інтэрнэт-старонку ў файл CHM. Каб дадаць гэтую карысную функцыю на панель прыладаў браўзера, трэба ў меню "Выгляд"->"Панелі прыладаў" выбраць пункт "Наладка...", пасля чаго дадаць на панель прыгожую шэра-блакітную дыскету з подпісам "Save CHM".

Такім чынам, раю праграмы Яраслава Кірылава ўсім. Акрамя таго, папярэджваю, што спасылкі на праграмы ў цыкл "Беларускі софт" працягваюць прымацца. Дасылайце іх мне на адрас [email protected].

Вадзім СТАНКЕВІЧ

Версия для печатиВерсия для печати

Номер: 

22 за 2006 год

Рубрика: 

Software
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!