Калісьці ў "Кампутарных вестках" ужо пісалі пра гэты выдатны прадукт айчыннай праграмнай думкі. У чэрвені 2004 года Павел Бадзялік нават браў інтэрв'ю ў аўтара "Белазару", праграміста Алега Азароўскага з горада Ліды. Але ж з тых часін шмат чаго іншага здарылася, і таму не дрэнна будзе зноў нагадаць аб "Белазары" нашым паважаным чытачам.
Неаднойчы каля латкоў з кампакт-дыскамі я бачыў такую сцэну: пакупнік запытваў пра перакладнікі з беларускай мовы на рускую (ці наадварот), а гандляр у адказ толькі разводзіў рукамі - маўляў, няма. Але ж на дыску "Менск - 2006", які ў студзені з'явіўся на паліцах магазінаў і латках рынку "Ждановічы", ужо можна знайсці праграму, назва якой вынесена ў загаловак артыкула. І менавіта гэтая праграма можа перакласці тэкст з рускай мовы на беларускую і ў адваротным кірунку.
Вельмі дзіўна, але праграма гэтая не камерцыйная. Таму вы можаце абсалютна бесклапотна ўсталеўваць яе на ўсе кампутары, якія маеце пад рукой, і пры гэтым не парушаць заканадаўства. Нягледзячы на гэтае, "Белазар" умее не так ужо і мала. Асноўныя магчымасці такія: двухбаковы пераклад, якасны пераклад кароткіх выразаў і ідыемаў, інтэлектуальная карэктыроўка перакладу, магчымасць перакладу HTML-старонак ці INI-файлаў для беларусіфікацыі праграмных прадуктаў. З "Белазарам" вы можаце правесці арфаграфічны аналіз і праверыць арфаграфію уведзенага тэксту, падтрымліваецца лацінка (так званы "трансліт"). Пры гэтым сумарная вага "Белазару", слоўнікаў для яго і прылады для перакладу тэксту з буфера абмену - усяго каля чатырох мегабайтаў!
На сенняшні момант "Белазар" - адзіны наяўны руска-беларускі перакладнік. Чаму няма іншых, нават не ведаю. Мабыць, з-за агульнага стану беларускай мовы ў нашым грамадстве. Вось што пра гэта думае сам распрацоўшчык: "У свой час расійскія софт-кампаніі, такія як "1С", ABBYY і іншыя, змаглі зрабіць сабе імя і зарабіць першыя вялікія грошы на рускамоўных мультымедыйных даведніках, энцыклапедыях і навучальных праграмах, перакладніках і слоўніках рускай мовы, праграмах сінтэзу гаворкі і распазнання знакаў (OCR) для рускай мовы. Бо руская мова была для іх натуральнай перавагай перад замежнымі кампаніямі. Для беларускіх кампаній такой натуральнай перавагай з'яўляецца беларуская мова, але, каб гэта спрацавала, яе роля ў грамадстве павінна значна ўзрасці".
Дарэчы, вы заўважылі, што другая частка назвы праграмы нагадвае прозвішча яе стваральніка? Арыгінальна і з густам!
На сенняшні момант актуальнай з'яўляецца чацвертая версія "Белазару" (легка знойдзеце яе на афіцыйным сайце праграмы, па адрасу belazar.belinter.net). Яна выйшла прыкладна год назад, і з таго часу больш не абнаўлялася. Але сам Азароўскі лічыць, што яго прадукт мае перспектывы: "Далейшае развіцце "Белазара" магчыма ў двух напрамках: 1) пашырэнне слоўніка праграмы і выпраўленне памылак у перакладах; 2) удасканаленне алгарытмаў перакладання. Слоўнікам зараз займаюцца рэдактары-дабраахвотнікі, якія па чарзе атрымліваюць апошнюю версію слоўніка і працуюць з ім. (Зараз у слоўніку, які я спампаваў са старонкі "Белазара", каля 80 тысяч слоў - В.С.) Падрабязнасці глядзіце на старонцы Белазара. Што датычыцца ўдасканалення самой праграмы, лінгвістычных алгарытмаў, дык тут праблем больш. У межах аматарскага некамерцыйнага праекта гэта выглядае вельмі праблематычным і марудным. А камерцыйнае развіцце праекта было б магчыма, калі б цікавасць да перакладаў з/на беларускую мову выяўлялі не толькі звычайныя карыстальнікі, але і камерцыйныя фірмы і дзяржаўныя ўстановы".
Мабыць, "Белазар" будзе надалей развівацца, але адзін чалавек не здольны зрабіць прадукт, роўны па ўзроўні "Промту". Таму, як мне здаецца, трэба сабрацца і дапамагчы Алегу, бо зараз занадта мала карыстальнікаў ведае пра "Белазар". Будзе вельмі добра, калі вы проста раскажаце людзям пра гэты цудоўны прадукт - мабыць, калісьці наступіць дзень, калі ен ім спатрэбіцца. А калі вы зможаце паспрыяць пранікненню "Белазара" ў нейкія дзяржаўныя ўстановы ці размесціць інфармацыю пра яго ў прэсе ці iнтэрнэце - нашчадкі будуць вамі ганарыцца!
Акрамя "Белазару", спадар Азароўскі мае яшчэ адзін цікавы праект - сайт, на якім выкладваюцца пераклады розных праграм на беларускую мову. Там ужо есць WinRAR, Total Commander, InnoSetup, Opera і шматлікія іншыя. Шмат перакладаў зроблена самім Алегам, і, трэба думаць, не без дапамогі "Белазара". Знаходзіцца сайт з перакладамі па адрасу belsoft.tut.by.
Вось, мабыць, і ўсе, што можна сказаць пра "Белазар" у такім кароткім аглядзе. Хачу дадаць спецыяльна для спадароў праграмістаў, што гэтая праграма распрацаваная з дапамогай Borland Delphi. Сам Алег гаворыць: "Белазар напісаны цалкам на Дэлфі. Гэта ўніверсальны і дастаткова эфектыўны сродак распрацоўкі для платформы Windows. Я выкарыстоўваю Дэлфі ўжо вельмі даўно, выдатная сістэма праграмавання". А вось што Алег гаворыць пра "Кампутарныя весткі": "Я лічу вашу газету напэўна самым аўтарытэтным беларускім штотыдневікам у галіне высокіх тэхналогій. Нягледзячы на хранічную адсутнасць вольнага часу, я імкнуся кожную суботу знайсці колькі хвілін, каб пачытаць свежы нумар".
Калі ў вас есць спасылкі на нейкія іншыя карысныя праграмы, распрацаваныя ў Беларусі - дасылайце іх на мне на dreamdrusch@tut.by. Краіна павінна ведаць сваіх герояў!
Вадзім СТАНКЕВІЧ
Комментарии
Наконт Вэб 2.0 - безумоўна, вельмі цікавая рэч, якая значна паляпшае карыстальніцкі інтэрфейс і змяншае трафік. Аднак гэта не адмяняе неабходнасць стварэння модуля на боку сервера.
Відаць спонсера трэба якога-сякога адкапаць. "Белхард" там які-небудзь... :)
Я так понимаю это переводчик on-line?
Типа translate.ru ?
ЗЫ Попробовал "Белазар" в деле - очень качественный перевод. Спасибо разработчикам.
Я так понимаю это переводчик on-line?
--------
Правільна. Гэта анлайн-сэрвіс з інтэрфейсам AJAX. У "КВ" Алізар аб гэтым піша.