Навіны вольнага ПЗ

Чарговую хвалю абмеркаванняў тэмы карыстальніцкіх інтэрфейсаў ў мінулыя дні зноў падняў нястомны Шаттлварт, прапанаваўшы новую канцэпцыю меню Head-Up Display. Абнавіліся праекты Cinnamon і KDE 4, якія прадстаўляюць больш традыцыйныя інтэрфейсы. Для распрацоўнікаў выйшла абнаўленне GDB, апублікавана першапачатковая версія кампілятара мовы Rust, абноўлены Ruby on Rails. Напрыканцыі агляду некалькі кароткіх мультымедыйных навінаў.


Інтэрфейсы

На мінулым тыдні дамінантны тон у свеце вольнага ПЗ задавалі навіны пра карыстальніцкія інтэрфейсы. Сутнасць усіх гэтых навін можна звесці да таго, што спакойнага жыцця карыстальнікам гэтых самых інтэрфейсаў ўжо не будзе. Эпоха "класіцызму", калі баль правіў паўсюль класічны тып інтэрфейсу а-ля Windows 98, у ІТ-свеце канчаткова мінуў. І з'яўленне ў мінулым годзе ў дыстрыбутывах Linux інтэрфейсаў Unity Ubuntu і GNOME 3 таму пацверджанне.

Пасля таго, як Шаттлварт ашаламіў шматлікіх прыхільнікаў Ubuntu інтэрфейсам Unity з яго бакавой панэллю, глабальным меню і іншымі навацыямі, галава Canonical не спыняецца на дасягнутым. Ужо ў будучай версіі Ubuntu з'явіцца новая рэвалюцыйная рэч - Head-Up Display (HUD).

 

HUD - гэта кардынальна новая рэалізацыя галоўнага меню ў праграмах і глабальнага меню ў Ubuntu. Традыцыйная звыклая сістэма галоўнага меню існуе ў кампутарнай індустрыі ўжо больш за 30 гадоў. Яна дазваляе рабіць навігацыю да патрэбнай функцыі праграмы праз дрэвападобную сістэму выпадаючых спісаў - часта заблытаную і не заўсёды лагічную,.

Замест звыклай палоскі з выпадальнымі спісамі каманд і фонкцый Шаттлворт прапануе выкарыстоўваць поле тэкставага пошуку. У гэтым поле пошуку карыстальнікам трэба проста пачынаць набіраць, што яны хочуць выканаць у праграме або сістэме. У працэсе набору каманды HUD будзе аўтаматычна падбіраць і прапаноўваць найбольш верагодныя назвы функцый з наяўных у арсенале бягучага прыкладання ці наяўных у аперацыйнай сістэме каманд і праграм.

Сістэма HUD будзе інтэлектуальнай. Гэта значыць, што яна будзе назапашваць вопыт і на аснове папярэдніх дзеянняў карыстальніка паспрабуе адгадаць, што хоча карыстальнік выканаць у дадзены момант.

Марк Шаттлворт бачыць такую сістэму больш лагічнай, а такім чынам больш простай і зразумелай для карыстальніка. HUD збірае ў адзіную ўніфікаваную прастору усе каманды сістэмы і прыкладанняў, у тым ліку і тыя каманды, якія ў звычайных меню могуць быць не прадстаўлены. Да таго ж HUD значна скарачае колькасць элементаў у візуальным прасторы карыстацкага інтэрфейсу.

З іншага боку не для ўсіх карыстальнікаў HUD можа падысці. Карыстальнікі, якія ўмеюць актыўна працаваць з клавіятурай і хаткеямі магчыма пазітыўна ацэняць новую канцэпцыю галоўнага і глабальнага меню. Але ёсць і тыя, хто любое дзеянне ў сістэме любіць выконваць выключна мышкай. Ім новая канцэпцыя можа і не спадабацца.

Па словах Марка, хутчэй за ўсё, HUD ўпершыню будзе прадстаўлены ў бліжэйшым выпуску Ubuntu 12.04 і будзе ўключацца апцыянальна. Але падтрымка традыцыйных меню будзе, вядома ж, захавана ў поўным аб'ёме. Інакш, як няцяжка здагадацца, яшчэ адна частка карыстачоў пяройдзе на Linux Mint.

Дарэчы, на мінулым тыдні з'явілася і чарговая версія працоўнага асяроддзя Cinnamon, стваранага распрацоўнікамі Linux Mint. У рамках гэтага графічнага асяроддзя прадпрымаецца спроба ўзнавіць "правільны" класічны GNOME на аснове GNOME 3. Прадстаўлены выпуск з'яўляецца першым стабільным рэлізам, у якім API і само асяроддзе ўжо можна лічыць стабільным.

Першапачаткова графічная абалонка Cinnamon ўяўляла проста набор пашырэнняў для GNOME Shell, што рэалізуюць класічны стыль GNOME 2. Але ў хуткім часе ўся функцыянальнасць гэтых дапаўненняў была інтэгравана ў саму абалонку Cinnamon на больш нізкім узроўні, што дазволіла павысіць прадукцыйнасць інтэрфейсу. З іншага боку Cinnamon страціў цяпер сумяшчальнасць з GNOME Shell, і цяпер яго трэба лічыць асобным праектам.

Па водгуках карыстальнікаў, Cinnamon яшчэ павінен вырашыць некаторыя праблемы. Аднак тое, што гэты інтэрфейс уяўляе сабой класічны варыянт, думаю, прыцягне вельмі шматлікіх аматараў класікі да гэтага праекту.

Тым часам таксама абнавілася і папулярнае графічнае асяроддзе KDE да версіі 4.8. Гэты праект у свой час першым уступіў на шлях мадэрнізацыі, што суправаджалася гарачымі дыскусіямі.

Але вось непрыкметна прыйшоў час, калі KDE 4 ужо пачаў паварот да завяршэння свайго жыццёвага цыклу. Пасля выпуску KDE 4.8 распрацоўнікі пераключыліся на развіццё праекту, вядомага пад імем "KDE Frameworks 5". Хаця гэта не значыць, што KDE 4.8 з'яўляецца апошняй версіяй. Новыя абнаўлення ўсё яшчэ будуць па-ранейшаму з'яўляцца раз у шэсць месяцаў.

А будучы "KDE Frameworks 5" будзе заснаваны на бібліятэцы Qt 5. У адрозненне ад KDE 4, выпуск KDE 5 не будзе рэвалюцыйным і знешне мала будзе адрознівацца ад таго, што ўжо можна назіраць цяпер. Ключавыя змены будуць звязаныя з унутранай рэструктурызацыяй, павышэннем якасці, спрашчэннем залежнасцяў і павелічэннем модульнасці сістэмы.


GDB 7.4

24-га студзеня выйшла новая версія адладчыка GDB (GNU Project Debugger) з нумарам 7.4. Для сістэм UNIX існуе шмат адладчыкаў, але агульнапрызнаны лідэр - гэта GDB. Ён прысутнічае практычна ў любым дыстрыбутыве Linux.

Адладчык выконвае ўнутры сябе іншую праграму і дае магчымасць карыстальніку ў пэўнай ступені ажыццяўляць кантроль за выкананай праграмай і вызначаць, што адбываецца ў працэсе яе выканання. GDB можа ажыццяўляць адладку на так званым ўзроўні зыходнага тэксту, ствараючы ілюзію, што выконваюцца аператары Сі, а не машынны код. Для гэтага праграма павінна быць спецыялбным чынам скампілявана.

GDB падтрымлівае адладку на ўзроўні зыходных тэкстаў для шырокага спектру моў праграмавання: C, C++, Objective-C, Pascal, Ada. Адладка магчымая для розных апаратных архітэктур: i386, amd64, ARM, Power, Sparc і г.д.

Магчыма новаўвядзенняў у новай версіі і не так шмат, як хацелася б, але тым не менш можна адзначыць:

  • новую мэтавую платформу Texas Instruments TMS320C6x;
  • новы эмулятар Renesas RL78;
  • палепшанае API для напісання скрыптоў на мове Python;
  • адлюстраванне значэнняў параметраў функцыі падчас выкліку дадзенай функцыі;
  • паляпшэнне працы з tracepoints;
  • магчымасць вызначэння маскі для кропак назірання.


Rust 0.1

Час у праграмаванні не стаіць на месцы, і з'яўляюцца новыя сродкі распрацоўкі праграм. У другой палове студзеня быў прадстаўлены азнаямленчы варыянт кампілятара мовы праграмавання Rust. Распрацоўшчыкам праекта з'яўляецца кампанія Mozilla.

Rust - гэта новая эксперыментальная мова праграмавання. Мова кампіляваная, пазіцыянуецца як альтэрнатыва C/C++. У Rust падтрымліваюцца функцыянальнае, паралельнае, працэдурнае і аб'ектна-арыентаванае праграмаванне.

Прыклад класікі "hello word":

use std;
import std::io;
fn main(){
 std::io::println ("hello, world!");
}

Адна з найбольш цікавых частак мовы - гэта паралельныя вылічэнні. Rust закліканы забяспечыць высокі паралелізм выканання заданняў з магчымасцю спараджаць тысячы і нават мільёны падпрацэссаў.

Прадстаўленная версія кампілятара прызначана толькі для практычнага знаёмства. API яшчэ цалкам не сфармаваны і ў далейшым будзе пашырацца і змяняцца.


Ruby on Rails 3.2

Для вэб-арыентаванага праграмавання можна адзначыць выхад асяроддзя распрацоўкі з адкрытым зыходным кодам Ruby on Rails 3.2, вестка пра якую не паспела патрапіць у мінулы выпуск навін ВПЗ.

Rails - гэта паўнавартасны фрэймворк для пабудовы вэб-прыкладанняў, якія выкарыстоўваюць базы дадзеных, і які заснаваны на архітэктуры Мадэль-Прадстаўленне-Кантролер (Model-View-Controller, MVC). Гэты фрэймворк, напісаны на мове праграмавання Ruby. Яго выкарыстоўваюць папулярныя сэрвісы Github, Hulu, Twitter і іншыя.

Асаблівасцю Rails 3.2, з'яўляецца тое, што гэты выпуск папярэднічае Rails 4.0. І гэта апошні рэліз у якім усё яшчэ забяспечваецца падтрымка Ruby 1.8.7.


Гук і відэа

І ў завяршэнне некалькі навін, звязаных з мультымедыйнай часткай. Упэўнены, усе гэтыя новыя магчымасці мультымедыя абавязкова варта чакаць у вясновых выпусках дыстрыбутываў.

Пасля года распрацоўкі выйшла новая версія асноўнай гукавой сістэмы ALSA 1.0.25. Гэта першая версія ALSA, якая з'яўляецца, можна так сказаць, афіцыйна прызначанай для ядра Linux версій 3.х.

Выпуск ўзрадуе шматлікіх карыстальнікаў, якія са слязамі на вачах гадамі чакалі нармальнай падтрымкі сваіх аудыёдэвайсаў накшталт VIA VT1705, Sound Blaster X-Fi і старых карт на чыпах EMU10K1 і EMU10K2. Таксама дададзеная падтрымка сінтэзатараў Yamaha MOX6/MOX8 і Roland GAIA SH-01, знешняга гукавога інтэрфейсу NI Traktor Audio 2 і MIDI-інтэрфейсу Cakewalk UM-1G.

Убачыў свет і чарговы выпуск мультымедыя пакета FFmpeg 0.10, які ўключае набор прыкладанняў і калекцыю бібліятэк для кадавання, дэкадавання і апрацоўкі розных мультымедыя фарматаў. Разам з ім абнавіўся і форк праекта FFmpeg - Libav 0.8. У новыя версіі гэтых мультымедыйных бібліятэк дададзены новыя кодэры і дэкодэры аўдыё і відэафарматаў - у асноўным экзатычных

А кампанія Google прадставіла пакет VP8 Codec SDK 1.0 (libvpx) - рэалізацыі вольнага відэафармату VP8. У версіі 1.0 маецца падтрымка цікавай тэхнікі часовага маштабавання (Temporal scalability), якая дазваляе сфарміраваць шматслаёвы відэаструмень з некалькіх субструменяў з незалежнай частатой кадраў для кожнага. Што дазваляе закадаваць адзін раз відэа для перадачы ў розных па якасці каналах перадачы дадзеных. Таксама ў новай версіі відэакодэка рэалізавана падтрымка кадавання адразу ў некалькіх памерах.

Міхаіл АСТАПЧЫК

Версия для печатиВерсия для печати

Рубрики: 

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
Всего голосов: 0
Заметили ошибку? Выделите ее мышкой и нажмите Ctrl+Enter!

Читайте также